4 лістапада 2020 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшоў тэматычны семінар “Сучасныя падыходы да арганізацыі музейна-педагагічнай дзейнасці” для супрацоўнікаў музеяў літаратурных профіляў.
Адзін з найважнейшых напрамкаў работы музеяў – культурна-адукацыйная дзейнасць. Сучасныя прынцыпы, формы і метады работы з наведвальнікамі, дзе асаблівае месца адводзіцца музейна-педагагічным тэхналогіям, сталі галоўнай тэмай практычнага занятку. Мэтай семінара было пашырэнне ведаў аб музейнай педагогіцы і яе сучасных тэндэнцыях, абмеркаванне пытанняў класічных і новых падыходаў у арганізацыі музейна-педагагічнай дзейнасці.
Першай часткай семінара стала лекцыя “Работа музея з наведвальнікамі: еўрапейскае вымярэнне” Вольгі Уладзіміраўны Мірончык (старшы выкладчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта).
У ходзе практычнага занятка “Фэст. Гулянне ў народным стылі” (Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры) былі прадэманстраваны інтэрактыўныя падыходы ў правядзенні музейнага занятка, асновай якога з’яўляецца часовая літаратурна-этнаграфічная экспазіцыя “Мовы хаты”.
Падчас правядзення семінара ўздымаліся пытанні тэрміналогіі ў музейнай педагогіцы, тэндэнцыі ў змяненні метадаў і прыёмаў у правядзенні заняткаў, новыя сегменты наведвальнікаў пры вывучэнні музейнай аўдыторыі, еўрапейскі вопыт і сучасныя накірункі ў культурна-адукацыйнай дзейнасці музеяў.
Супрацоўнікі натхніліся атрыманымі ведамі, абмяняліся вопытам, каб зрабіць свае музеі лепшымі для вас!