Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

У Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбыліся першыя Кісялёўскія навуковыя чытанні

18 сакавіка 2021 года ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбыліся першыя Кісялёўскія навуковыя чытанні “Таямніцы ХІХ стагоддзя”, прысвечаныя 90-годдзю Генадзя Васільевіча Кісялёва, беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, пісьменніка і археографа.

Генадзь Кісялёў – знакавая постаць беларускага літаратуразнаўства, што адзначыў кожны з удзельнікаў. Ва ўступнай частцы чытанняў сваімі ўспамінамі пра навукоўца падзяліўся яго калега кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Чамярыцкі. Ганна Кісліцына, доктар філалагічных навук (ініцыятар правядзення чытанняў), выказала свае разважанні на тэму розніцы паміж “літаратуразнаўцам” і “даследчыкам”, а Генадзя Кісялёва прывяла ў якасці прыкладу сапраўднага даследчыка, да якога неабходна раўняцца.

Даклады ўдзельнікаў чытанняў былі прысвечаны сферы інтарэса навукоўца – літаратуры ХІХ ст. Для шматлікіх прысутных Генадзь Кісялёў быў настаўнікам, арыенцірам, сябрам. Дакладчыкі распавядалі пра важнасць яго прац для гісторыі беларускай літаратуры, пра шматлікія літаратурныя “загадкі”, якія даследчык разгадаў за сваё жыццё. Прысутныя дзяліліся сваімі дасягненнямі, складанымі момантамі на шляху да ісціны, адчуваннем прагі да пошуку, якую адна з дакладчыкаў, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч, трапна назвала “кісялёўскім сіндромам”.

Падчас абмеркавання дакладаў паміж удзельнікамі ўзнікалі дыскусіі, у выніку якіх з’яўляліся новыя пытанні і тэмы для даследаванняў. Дакладчыкі выказалі сваю ўдзячнасць арганізатарам і надзею, што чытанні стануць традыцыйнымі, а таксама традыцыйным будзе месца іх правядзення – Літаратурны музей Петруся Броўкі. Менавіта на вуліцы К.Маркса жыў Генадзь Васільевіч Кісялёў.

Падчас навуковых чытанняў у музеі была прадстаўлена выстава да 90-годдзя даследчыка. Шматлікія кнігі Кісялёва, фотаздымкі з сямейнага архіва – усё гэта чакала аматараў творчасці і прыхільнікаў асобы Генадзя Васільевіча.

Вынікі навуковага стала будуць апублікаваны Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.

Close Menu