13 сакавіка ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбылася імпрэза “Паклон табе, мой беларускі краю!”, прысвечаная патрыятычнай творчасці вядомых класікаў і сучасных творцаў. Любоў да роднага краю, пяшчотнае каханне, павага да беларускай прыроды, пошукі ўласнага творчага шляху – гэтыя тэмы атрымалі інтэрпрэтацыю праз творчае майстэрства ўдзельнікаў імпрэзы.
Паэтэсы Вера Буланда, Людміла Паўлікава-Хейдарава, Тамара Гапоненка, Вера Міхно і Таццяна Шурынава падзяліліся сваімі ўспамінамі аб родных мясцінах і прачыталі чуллівыя вершы, прысвечаныя беларускім мясцінам: Барысаўшчыне, Асіпоўшчыне, Лепельшчыне, Гомельшчыне.
Сучасныя музыкі – лаўрэаты шматлікіх конкурсаў Аляксандр Валодчанка і Наталля Папко – прадставілі цудоўнае выкананне беларускіх песень. “Спадчына”, “Па-над белым пухам вішняў”, “Сузор’е веры і любові”, “Беларусь мая сінявокая” і іншыя песні зачароўвалі хараством прысутных.
Студэнты Лінгвагуманітарнага каледжа МДЛУ зачыталі творы Ніла Гілевіча і Пімена Панчанкі, а таксама выступілі з уласнымі творамі. Юныя выканаўцы ў сваіх вершах і песнях ўзнялі пытанне пераемнасці пакаленняў і выказалі надзею на добрае ўзаемапаразуменне і мір у сучасным свеце.
Разам з паэтэсай Верай Буландай госці пазнаёміліся з беларускімі прыказкамі і скарагаворкамі, народным календаром і прыкметамі, а самыя юныя ўдзельнікі прадставілі ўласнае бачанне народных прыказак у выглядзе малюнкаў.
Вершы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Петруся Броўкі – беларускіх класікаў, якія зрабілі каштоўны ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры – на працягу ўсяго мерапрыемства наталялі чытачоў і слухачоў цеплынёй і сардэчнай адданасцю роднаму краю.


