Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт…
Так напісаў некалі Максім Багдановіч, але супрацоўнікі музея вырашылі, што ўсё будзе крышку інакш. З нагоды Сусветнага дня паэзіі, які традыцыйна адзначаецца ў канцы сакавіка, мы запрасілі гасцей на літаратурна-музычную імпрэзу “Забыць пра снег”.
24 сакавіка ва ўтульнай зале музея сабраліся прыхільнікі высокай Паэзіі. У імпрэзе-канцэрце прынялі ўдзел музыкант, спявачка, рэжысёр і мастацкі кіраўнік Народнага тэатра “Жывое слова” Алеся Сівохіна; паэт, музыка, загадчык музея Міхал Бараноўскі, музыканты Антон Кастэнка (кларнет), Аляксей Кастэнка (гітара), Алена Буякова (скрыпка) і Алена Дзямідчык (баян).
Прагучалі песні на вершы вядомых беларускіх паэтаў – Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага, Людмілы Хейдаравай (музыка А.Камоцкага і А.Сівохінай). Сусветная паэзія была прадстаўлена вершамі Шэкспіра, Бэлы Ахмадулінай, Жака Брэля, Юліяна Тувіма ў бліскучых перакладах У. Дубоўкі, А.Камоцкага і Р.Барадуліна.
Да наступных сустрэч у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, дзе заўсёды валадараць Паэзія, Музыка і Мастацтва!

