Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

У краіне венгерскага дзяцінства

Матэрыял https://nastgaz.by/u-kraine-vengerskaga-dzyatsinstva/

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 29 кастрычніка адкрылася літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Вершы ў малюнках”, створаная сумесна з Пасольствам Венгрыі ў Беларусі. На ёй прадстаўлены ілюстрацыі да вершаў для дзяцей, керамічныя вырабы і цацкі з Венгрыі, а таксама пераклады венгерскіх народных казак і літаратурных твораў на беларускую і рускую мовы з фондаў музея. Дарэчы, большасць экспанатаў выстаўляецца ў Мінску ўпершыню.

jityujjg-1

“Што можа быць займальнейшым, чым разгля­даць яркія малюнкі на старонках цікавай кнігі? Любоў да гэтага занятку не праходзіць з гадамі, а часам, наадварот, толькі расце. З узростам мы пачынаем не проста разглядаць ілюстрацыі, а і ацэньваць іх мастацкую каштоўнасць”, — такімі словамі пачала імпрэзу вядучы метадыст музея Таццяна Ушылава. Частка выставы, складзеная мастацтвазнаўцам Эмешэ Рэвесам па ініцыятыве Міністэрства знешнеэканамічных сувязей і замежных спраў Венгрыі, паказвае лепшыя ўзоры ілюстрацый да дзіцячых вершаў, выдадзеных у наш час. На думку мастацтвазнаўца, “ілюстрацыі да вершаў адрозніваюцца ад ілюстрацый да прозы тым, што мастакі працуюць больш свабодна, нічога не абмяжоўвае іх фантазію, практычна няма ўмоўнасцей, можна ства­раць зусім новыя візуальныя светы”.

jityujjg-2

Па словах дырэктара музея Міхаіла Рыбакова, выставачны праект “Вершы ў малюнках” — гэта магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі творамі венгерскага мастацтва, казак і мультфільмаў. “Казкі — нешта светлае і добрае, яны паказваюць жыццё вакол нас і свет, які мы хочам бачыць, без турбот ды клопатаў, які дазваляе нам заставацца дзецьмі ды верыць у цуды. Казкі — гэта вялікае мастацтва”.

Значная частка праекта — гэта калекцыя цацак канца ХІХ—ХХ ст. з найстарэйшага краязнаўчага музея венгерскай сталіцы — Музея Обуда. Цацкі падзелены на некалькі катэгорый: сюжэтныя, дыдактычныя, развіццёвыя. Сярод іх ёсць дзіцячая друкарня з выявамі персанажаў венгерскіх казак, настольная гульня “Загадкі гісторыі”, дзіцячы прымач у форме аранжавага мышаняці, гульня “Вежа з палачак” (Tower), будаўнічы набор са штучнага каменю “Анкер”, фігурка завадной малпы-баксёра вырабу знакамітай фабрыкі “Штэйф”, гумовыя цацкі, якія вельмі падобныя на савецкія, і іншыя. “А яшчэ сярод забаў для хлопчыкаў — транспарт, гуляючы з якім яны вывучалі правілы дарожнага руху, — сказала вядучы метадыст. — Дзяўчынкі гулялі з мэбляй з лялечных домікаў, якая з’яўляецца копіяй сапраўднай, што была ў 40—50-я гады мінулага стагоддзя. І яшчэ цікавы прыклад — макет тыповага школьнага класа канца ХІХ — пачатку ХХ ст., які быў не менш папулярным, чым лялечны домік, і сёння па ім культуролагі і гісторыкі вывучаюць, якім было школьнае жыццё ў пачатку мінулага стагоддзя”.

jityujjg-3

У другой палове ХХ ст. было вельмі папулярна зды­маць мультыплікацыйныя фільмы па сюжэтах казак, у якіх самымі папулярнымі для венграў былі герой народнай быліны Мацьі Лудаш, казляня Элек Мек, аднагаловы Цмок Шушу, Гномік з Гномікаграда, парася Разынка і некаторыя іншыя. Наведвальнікі змогуць убачыць увасабленні гэтых герояў праз керамічныя вырабы, прадстаўленыя мастацкім грамадскім аб’яднаннем імя Ласла Месараша.

“Я вельмі любіў казкі ў дзяцінстве. І калі стаў татам — таксама чытаў кожны вечар іх сваім дзецям, а цяпер чытаю ўжо і ўнукам. Казка ва ўсіх узростах вельмі важная, але мае розныя значэнні, — адзначыў на адкрыцці праекта Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Жолт Чутара. — Наша пасольства ўжо арганізавала шмат розных праграм, каб пазнаёміць беларусаў з культурай Венгрыі. А сёння мы захацелі паказаць, чым жылі нашы дзеці. Увогуле, гэтая выстава дазволіць лепш пазнаць Венгрыю”.

Дапаўняюць праект кніжныя выданні з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — пераклады венгерскіх народных казак і літаратурных твораў на беларускую і рускую мовы. У час экскурсій запланаваны таксама інтэрактыў. “Дзеткі да нас прыйдуць, пазнаёмяцца з цацкамі і ілюстрацыямі Венгрыі, натхняцца, зробяць малюнак і ста­нуць удзельнікамі конкурсу. А мы да канца лістапада падвя­дзём вынікі, пераможцы атрымаюць памятныя падарункі ад Пасольства Венгрыі ў Беларусі, — анансавала Таццяна Ушылава. — Цацкі і дзіцячыя кнігі — выключнае ўвасабленне дзяцінства, калі ўсё вакол бачыцца чароўным, дзіўным і незвычайным, калі здаецца, што, як толькі ў доме ўсе засынаюць, цацкі ажываюць і пачынаюць самастойна існаваць. Але, нават стаўшы дарослымі, мы працягваем верыць у цуды, бо ўсе ў душы застаюцца дзецьмі”.

Выставачны праект “Вершы ў малюнках”, які будзе экспанавацца па 9 лістапада, — гэта выдатная магчымасць у час восеньскіх канікул, не выязджаючы з Беларусі, азнаёміцца з чароўна-казачнай Венгрыяй.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.

Close Menu