Матэрыял https://nastgaz.by/u-kraine-vengerskaga-dzyatsinstva/
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 29 кастрычніка адкрылася літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Вершы ў малюнках”, створаная сумесна з Пасольствам Венгрыі ў Беларусі. На ёй прадстаўлены ілюстрацыі да вершаў для дзяцей, керамічныя вырабы і цацкі з Венгрыі, а таксама пераклады венгерскіх народных казак і літаратурных твораў на беларускую і рускую мовы з фондаў музея. Дарэчы, большасць экспанатаў выстаўляецца ў Мінску ўпершыню.
“Што можа быць займальнейшым, чым разглядаць яркія малюнкі на старонках цікавай кнігі? Любоў да гэтага занятку не праходзіць з гадамі, а часам, наадварот, толькі расце. З узростам мы пачынаем не проста разглядаць ілюстрацыі, а і ацэньваць іх мастацкую каштоўнасць”, — такімі словамі пачала імпрэзу вядучы метадыст музея Таццяна Ушылава. Частка выставы, складзеная мастацтвазнаўцам Эмешэ Рэвесам па ініцыятыве Міністэрства знешнеэканамічных сувязей і замежных спраў Венгрыі, паказвае лепшыя ўзоры ілюстрацый да дзіцячых вершаў, выдадзеных у наш час. На думку мастацтвазнаўца, “ілюстрацыі да вершаў адрозніваюцца ад ілюстрацый да прозы тым, што мастакі працуюць больш свабодна, нічога не абмяжоўвае іх фантазію, практычна няма ўмоўнасцей, можна ствараць зусім новыя візуальныя светы”.
Па словах дырэктара музея Міхаіла Рыбакова, выставачны праект “Вершы ў малюнках” — гэта магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі творамі венгерскага мастацтва, казак і мультфільмаў. “Казкі — нешта светлае і добрае, яны паказваюць жыццё вакол нас і свет, які мы хочам бачыць, без турбот ды клопатаў, які дазваляе нам заставацца дзецьмі ды верыць у цуды. Казкі — гэта вялікае мастацтва”.
Значная частка праекта — гэта калекцыя цацак канца ХІХ—ХХ ст. з найстарэйшага краязнаўчага музея венгерскай сталіцы — Музея Обуда. Цацкі падзелены на некалькі катэгорый: сюжэтныя, дыдактычныя, развіццёвыя. Сярод іх ёсць дзіцячая друкарня з выявамі персанажаў венгерскіх казак, настольная гульня “Загадкі гісторыі”, дзіцячы прымач у форме аранжавага мышаняці, гульня “Вежа з палачак” (Tower), будаўнічы набор са штучнага каменю “Анкер”, фігурка завадной малпы-баксёра вырабу знакамітай фабрыкі “Штэйф”, гумовыя цацкі, якія вельмі падобныя на савецкія, і іншыя. “А яшчэ сярод забаў для хлопчыкаў — транспарт, гуляючы з якім яны вывучалі правілы дарожнага руху, — сказала вядучы метадыст. — Дзяўчынкі гулялі з мэбляй з лялечных домікаў, якая з’яўляецца копіяй сапраўднай, што была ў 40—50-я гады мінулага стагоддзя. І яшчэ цікавы прыклад — макет тыповага школьнага класа канца ХІХ — пачатку ХХ ст., які быў не менш папулярным, чым лялечны домік, і сёння па ім культуролагі і гісторыкі вывучаюць, якім было школьнае жыццё ў пачатку мінулага стагоддзя”.
У другой палове ХХ ст. было вельмі папулярна здымаць мультыплікацыйныя фільмы па сюжэтах казак, у якіх самымі папулярнымі для венграў былі герой народнай быліны Мацьі Лудаш, казляня Элек Мек, аднагаловы Цмок Шушу, Гномік з Гномікаграда, парася Разынка і некаторыя іншыя. Наведвальнікі змогуць убачыць увасабленні гэтых герояў праз керамічныя вырабы, прадстаўленыя мастацкім грамадскім аб’яднаннем імя Ласла Месараша.
“Я вельмі любіў казкі ў дзяцінстве. І калі стаў татам — таксама чытаў кожны вечар іх сваім дзецям, а цяпер чытаю ўжо і ўнукам. Казка ва ўсіх узростах вельмі важная, але мае розныя значэнні, — адзначыў на адкрыцці праекта Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Жолт Чутара. — Наша пасольства ўжо арганізавала шмат розных праграм, каб пазнаёміць беларусаў з культурай Венгрыі. А сёння мы захацелі паказаць, чым жылі нашы дзеці. Увогуле, гэтая выстава дазволіць лепш пазнаць Венгрыю”.
Дапаўняюць праект кніжныя выданні з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — пераклады венгерскіх народных казак і літаратурных твораў на беларускую і рускую мовы. У час экскурсій запланаваны таксама інтэрактыў. “Дзеткі да нас прыйдуць, пазнаёмяцца з цацкамі і ілюстрацыямі Венгрыі, натхняцца, зробяць малюнак і стануць удзельнікамі конкурсу. А мы да канца лістапада падвядзём вынікі, пераможцы атрымаюць памятныя падарункі ад Пасольства Венгрыі ў Беларусі, — анансавала Таццяна Ушылава. — Цацкі і дзіцячыя кнігі — выключнае ўвасабленне дзяцінства, калі ўсё вакол бачыцца чароўным, дзіўным і незвычайным, калі здаецца, што, як толькі ў доме ўсе засынаюць, цацкі ажываюць і пачынаюць самастойна існаваць. Але, нават стаўшы дарослымі, мы працягваем верыць у цуды, бо ўсе ў душы застаюцца дзецьмі”.
Выставачны праект “Вершы ў малюнках”, які будзе экспанавацца па 9 лістапада, — гэта выдатная магчымасць у час восеньскіх канікул, не выязджаючы з Беларусі, азнаёміцца з чароўна-казачнай Венгрыяй.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.