13 жніўня 2019 года а 18-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў межах праекта “У сэрцы з Радзімай” запрашае ўсіх жадаючых на творчую сустрэчу “Зміцер Бартосік: Тут мая Радзіма”, прысвечаную 50-годдзю паэта, барда, журналіста, лаўрэата прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), прэміі Алеся Адамовіча і літаратурнай прэміі Ежы Гедройца.
Зміцер Бартосік нарадзіўся ў Расіі, у горадзе Рыбінск. Пераехаў у Гомель разам з бацькамі, калі быў трэцякласнікам. Вучыўся ў тэатральным вучылішчы ў Ніжнім Ноўгарадзе. Першы зборнік апавяданняў выдаў у 2002 годзе. Паступова творца “асеў” у Беларусі, дзе яго ўразіла беларуская гаворка: ён пачаў пісаць і спяваць песні на беларускай мове.
Спявак вядомы выкананнем класікі рускамоўнай аўтарскай песні і паэзіі (Уладзіміра Высоцкага, Аляксандра Галіча, Булата Акуджавы, Аляксандра Вярцінскага і Лаеніда Уцёсава) у перакладах класіка беларускай літаратуры Рыгора Барадуліна.
Да таго ж пісьменнік і бард Зміцер Бартосік вядомы тым, што шмат вандруе, шукае і знаходзіць невядомую Беларусь у Беларусі. Па выніках убачанага паэт паспявае весці аўтарскія перадачы і блог, піша кнігі. Аб апошняй з іх – выданні «Клініка кітайскага дантыста» – аўтар асабіста распавядзе на сустрэчы, а таксама ўзгадае цікавыя, асабіста знойдзеныя факты аб беларускіх пісьменніках і іх кнігах.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі змогуць пазнаёміцца з выстаўкай “У сэрцы з Радзімай”, прысвечанай гісторыі літаратурнай спадчыны беларусаў замежжа, а таксама паўдзельнічаць у літаратурнай віктарыне ад Зміцера Бартосіка.
Уваход вольны.
ЗАПРАШАЕМ!
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: (17) 334-56-21
Куратар мерапрыемства: малодшы навуковы супрацоўнік Вольга Сямашка