16 кастрычніка 2019 г. а 19–й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашаюць аматараў скандынаўскай літаратуры на сустрэчу са шведскімі гасцямі – дзіцячай пісьменніцай Грэтай Рутбёль і паэтам і раманістам Ёргенам Гасілеўскі. Госці распавядуць пра дзейнасць Саюза пісьменнікаў Швецыі, а таксама пра ўласную літаратурную творчасць.
Грэта Рутбёль (н. 1956), старшыня Саюза пісьменнікаў Швецыі:
“Літаратурная агенцыя піша пра мяне так: “Грэта Рутбёль доўгія гады працавала спявачкай, а цяпер піша дзіцячую літаратуру, спецыялізуючыся на вершах-песнях і папулярных дзіцячых энцыклапедыях. Дасціпнасць і арыгінальнасць – адзнакі яе фірмовага стылю”. Але пачынала я з раману, тады мне было дваццаць пяць. Цяпер я – аўтарка трыццаці кніжак для дзяцей. Я перакананая, што мы можам распавядаць дзецям пра ўсе аспекты рэчаіснасці, найважнейшае пытанне ў тым, як гэта рабіць. Смерць – адна са з’яваў, пра якую мы абавязаны казаць таксама”.
Ёрген Гасілеўскі (н.1961), сябра Рады Саюза пісьменнікаў Швецыі, пачынаў як музыка і мастак, але з 1980-х перайшоў на паэзію і прозу. У сваіх дзесяці паэтычных кнігах ён шукае ўласны спосаб самавыяўлення наўзбоч спосабаў традыцыйных. Яго апошні па часе раман “Hastigheten” (“Хуткасць”) прысвечаны зверствам падчас генацыду ў Руандзе ў 1994 годзе. Асноўныя пытанні тут, хто мае права пісаць пра гэта, чым мы мусім кіравацца і як мы павінны пра гэта пісаць. Гэта галоўныя эстэтычныя выклікі для сучаснай літаратуры, на якіх ён хацеў бы спыніцца.
Месца: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(Мінск, вул. Багдановіча, 13)
Час: 16 кастрычніка, 19:00.
Уваход вольны