10 ліпеня 2019 г. а 18-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца пятая з цыкла адкрытых лекцый галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”, даследчыцы Святланы Воцінавай “Сны самотнага дзьмухаўца: па старонках біяграфіі Элізы Ажэшкі” – “Ажынавая зіма”.
“Вечары тут часта цёплыя і ціхія, але нават калі шумяць у шэрай прасторы цёмныя галовы дрэў, то хмаркі, што прабягаюць над імі, вельмі ахвотна, ледзь толькі засланіўшы, зноў адкрываюць цэлыя зграйкі зор. У паветры ліпеньскага вечара нараджаецца нешта некае: не сотні і не тысячы, але мільёны, а мо і мільярды найпрыгажэйшых істот, празрыстых як шкло і белых як снег, аднолькава трапяткіх у палёце і стане спакою, вылятаюць з вады невысока, на некалькі локцяў, узвіваюцца над яе паверхняй і некалькі гадзін запар ладзяць у паветры свае гульні, з якіх у бязмежнай колькасці нараджаюцца жыцці і якія завяршаюцца такой жа бязмежнай колькасцю смерцяў. Вада паступова пакрыецца мноствам нежывых цельцаў тых, хто ахвяраваў сабою дзеля будучыні, не прамінуўшы пакінуць спадчыну, а здавацца будзе, што на высакародную паціну Нёманскай гладзі пасярод ліпеня выпаў снег.”
- Над Нёманам і “Над Нёманам”.
- Што схавана ў міжрадкоўі “Нізін”.
- Пра “дамскую литературную стряпню, из которой хлеба не испечь и шубы не скроить” – і жаночую мужнасць.
- І Талстыя, і Ажэшкі: плячо ў плячо, сэрца ў сэрца.
Што павінна быць у творы, каб ён калі-небудзь стаў класікай? Што павінен сказаць пісьменнік, каб сказанае засталося? Як ён гэта павінен зрабіць?