Традыцыйныя танцы адносяцца да так званых сацыяльных танцаў. Гэта значыць, што ўсе жадаючыя – танцоры, няма тых, хто на сцэне і хто ў глядацкай залі. Такі танец гуртуе, гэта асаблівы спосаб камунікацыі, магчымасць пазнаёміцца і знайсці аднадумцаў. Раней у вёсках моладзь ды і ўсе ахвочыя, каб выпрабаваць свой абутак на трываласць, ладзілі танцы ў розных хатах, па чарзе.
Атмасферу сапраўднай беларускай вечарыны створаць музыкі-аматары. Яны зайграюць Лявоніху, Кракавяк, Грачанікі, Вераб’я, Каханачку ды многія іншыя танцы, пра якія і сёння з агеньчыкам у вачах распавядаюць вясковыя старажылы. Не абыдзецца без полек, абэркаў і вальсоў. Сярод традыцыйных музычных інструментаў – скрыпка, цымбалы, басэтля, дуда, гармонік, акардэон, бубен, барабан. І куды ж без заліхвацкіх прыпевак, якія зададуць адмысловы настрой лютаўскаму вечару!
Танцавальная вечарына – гэта імпрэза, дзе збіраюцца прадстаўнікі розных прафесій, узростаў і сацыяльных статусаў, тыя, каго аб’ядноўвае любоў да свайго, цікавасць да беларускай традыцыі. Запрашаем усіх, хто ўмее танчыць, толькі вучыцца альбо марыць навучыцца. На вечарыне будуць вопытныя танцоры, якія стануць выдатным арыенцірам на танцпляцы для тых, хто захоча пазнаёміцца з асноўнымі рухамі таго ці іншага танца.
Час: 7 лютага, 19:00-22:00.
Уваходны квіток: 10 рублёў.
Усіх сардэчна запрашаем!
Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.
Адрас: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.