Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

“Святло чароўнай кветкі”

11 кастрычніка спаўняецца 110 год з дня нараджэння беларускай паэтэсы і перакладчыцы Эдзі Агняцвет (1913 – 2000). Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на часовую літаратурна-дакументальную экспазіцыю, прымеркаваную да юбілейнай даты.

Адкрыццё выставы адбудзецца 11 кастрычніка а 15-й гадзіне.

Эдзі Агняцвет (сапр. Эдзі Сямёнаўна Каган) – пісьменніца яркай індывідуальнасці і непаўторнага паэтычнага таленту, які плённа раскрыўся ў творах як для дзяцей, так і для дарослых. Хаця найперш паэтэса паўстае перад чытачом як выбітны дзіцячы аўтар. Яе творы прасякнуты любоўю да дзяцей, замілаваннем дзіцячай душой, якой яна без астачы сябе прысвячала.

Яе вершы вызначаюцца меладычнасцю і дасканаласцю паэтычнага радка, тэматычным багаццем i жанравай разнастайнасцю. Творчая скарбонка Эдзі Агняцвет змяшчае пейзажныя і сатырычна-гумарыстычныя вершы, творы, якія паэтызуюць працу і прыроду, мір і сяброўства, закранаюць тэму Вялiкай Айчыннай вайны.

Выстава знаёміць з прадметамі з фондаў музея, прадстаўленымі ў раздзелах: “Перакладчыцкая дзейнасць Эдзі Агняцвет”, “Бібліяграфія пісьменніцы: дзіцячыя і лірычныя кнігі”, “Эдзі Агняцвет: тэатр і музыка”. Сярод экспанатаў: кнігі пісьменніцы, машынапісы яе твораў, фатаграфіі, сувенірныя рэчы, перададзеныя самой пісьменніцай у дар музею, партрэт пісьменніцы аўтарства Надзеі Іванаўны Галоўчанка і інш.

Любоў да класічнай літаратуры Эдзі Агняцвет прывіла яе маці, якая працавала ў мінскай бібліятэцы імя А.С.Пушкіна і знаёміла дачку з творчасцю беларускіх пісьменнікаў. Паэтычны дэбют юнай Эдзі адбыўся ў 1929 г. у газеце “Чырвоная змена”. Усяго яна выдала каля 30 зборнікаў паэзіі, мноства кніг паэзіі для дзяцей (“Васількі”, “Твае таварышы”, “Госць з далёкай зямлі”, “Незвычайныя канікулы”, “Краіна маленства”, “Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя” і інш.), некалькі паэм, кнігу для чытання ў 4 класе “Роднае слова” (з Я. Івашуціч, 1989).

Э.Агняцвет з’яўляецца аўтарам лібрэта опер для дзяцей “Джанат” і “Марынка”). Перакладала з рускай, украінскай, узбекскай, французскай і іншых моў творы вядомых аўтараў (А.Пушкіна, М.Някрасава, У.Маякоўскага, Г.Ахматаву, А.Барто, Л.Украінку, М.Бажана, С.Карыма, М.Джаліля, А.Экзюперы, Г.Апалінэра і інш).

Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі і Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і Узбекскай ССР, міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х.К.Андэрсена (1986 г., за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей “На двары алімпіяда”).

Выстава будзе дзейнічаць па 11 снежня 2023 года па адрасе г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Тэл. +375 (17) 363-56-21.

Close Menu