24 ліпеня пад Маладзечна прайшоў фестываль “Ракуцёўскае лета – 2021”. Cвята паэзіі і песні сабрала аматараў беларускай культуры, у тым ліку і прыхільнікаў творчасці Максіма Багдановіча.
Два летнія месяцы 1911 года правёў малады паэт на фальварку Вацлава Лычкоўскага ў Ракуцёшчыне. Менавіта тут Максім Багдановіч напісаў паэмы “Вераніка” і “У вёсцы”, а таксама 17 вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік “Вянок”.

На свяце прысутнічала пачэсная госця Вольга Дашкоўская – унучатая пляменніца Максіма Багдановіча, якая выступіла з прамовай. Таксама прывіталі гасцей свята дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Іванавіч Усік і намесніца начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Курчына Аксана Уладзіміраўна.
Госці фэсту змаглі завітаць у ракуцёўскі «Дом гаспадара», наведаць экспазіцыю ў «Дамку арандатара», зазірнуць у гумно і наталіць смагу з крыніцы «жывой вады», якую стагоддзе таму ўзгадваў у сваіх творах паэт.





Фестываль не дарма называюць святам паэзіі і песні: у ім прынялі ўдзел музычныя калектывы Маладзечанскага раёну: “Амадзіны”, “Вясёлыя ноткі”, “Асалода”, а таксама і літаратары: Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Галіна Сіўчанка, Іна Фралова, Алена Басікірская, Настасся Нарэйка, Юрась Нераток. Песнямі і танцамі закрываў мерапрыемства Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”.
Наведвальнікі фестывалю маглі не толькі насалоджвацца праграмай на сцэне, але і прымаць удзел у іншых актыўнасцях: прайсці музейны квэст і выйграць трохтомнік Максіма Багдановіча, пагуляць у “Кніганошу” – са зборнікам “Вянок” прайсці ўяўны шлях ад Вільні да Мінска. Яшчэ на мерапрыемстве быў арганізаваны кірмаш: свае працы прэзентавалі майстры з Мінска і Маладзечаншчыны.




“І снуюцца сумна ў сэрцы,
Ўюцца адгалоскі
Роднай песні, простай песні
Беларускай вёскі…”
Фальварак Ракуцёўшчына ўжо шмат гадоў прымае фестываль памяці Максіма Багдановіча, захоўвае традыцыі і абуджае сэрцы беларусаў. Спадзяемся, у наступным годзе свята паэзіі і песні адбудзецца зноў, каб мы разам сустрэліся і ўзгадалі таленавітага песняра беларускай зямлі.



