Прапануем агляд чарговай, ужо заключнай, часткі беларускіх традыцыйных строяў, якія былі прадстаўлены на дэфіле 20 жніўня 2025 года ў нашым музеі і сталі яго сапраўдным упрыгажэннем!
Дзякуй усім гасцям, майстрам, мадэлям, калекцыянерам, якія прымалі ўдзел у імпрэзе і зрабілі той дзень гістарычным!
За фота шчыра дзякуем Дар’і Сапранецкай.
Хоцімскі строй з калекцыі А. Лагутка (Навіцкай).
Першы строй з гэтага блоку паходзіць з усходу Беларусі. Тут мы бачым цудоўны аўтэнтычны саян з неглыбокім выразам спераду і кантрастнай баваўнянай абшыўкай. Верх пашыты з цёмна-сіняй крамной тканіны, а ніз – з ваўнянай тканіны хатняй работы ў каляровую клетку, аздобленай па нізе карункамі. Таксама ў камплект уваходзіць цудоўная кашуля з тонкай абшыўкай гарлавіны, характэрнай для строяў Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Кашуля багата дэкараваная геаметрычнай арнаментацыяй і мае прыгожую зборку і абшыўку баваўнянай крамной тканінай на манжэтах. Да кашулі ў камплект ідзе фартух з фальбонай, прышытай праз адмысловае злучальнае шво. Усе рэчы паходзяць з адной сям’і.
Калінкавіцкі строй з калекцыі А. Шыдлоўскай-Крэйн.
На мадэлі мы бачым старадаўнюю святочную сарочку з характэрным для гэтага строя каўняром-брыжамі і багата арнаментаванымі рукавамі, а таксама больш познія фартух, вышыты каляровым крыжыкам і насычанага колеру андарак, дэкараваны чорным аксамітам. Хуста хатняй работы вышытая каляровай гладдзю.
Капыльска-клецкі строй з калекцыі У. Кандрацені.
Дадзены камплект складаецца са старадаўняй кашулі тонкай работы, якая мае вельмі характэрныя для гэтага рэгіёна крой, арнаментацыю і колеравае рашэнне, і больш позніх фартуха і спадніцы, пашытых з крамнога матэрыялу. Фартух чорны, аздоблены белай машыннай строчкай, спадніца – тонкімі зашчыпамі па нізе. Асабліва цікавы кабат (гарсэт) ярка-зялёнага колеру, зроблены з вельмі тонкай ваўнянай крамной тканіны, як на хусты. Зялёны досыць рэдка сустракаецца ў традыцыйным адзенні, але тут яго любілі. Чорны дэкор нашыты на кабат значна пазней.
Ганцавіцкі строй (жаночы) з калекцыі У. Кандрацені.
Ганцавіцкі строй захаваў архаічную стрыманасць і адсутнасць модных элементаў у камплекце. Тут мы бачым, што ўсё адзенне – сваёй работы. Кашуля, фартух і намітка – ільняныя, аздобленыя чырвонай і крыху чорнай арнаментыкай, ваўняны андарак – у вертыкальную палоску. З цікавых пазнавальных адметнасцяў – арнаментаваная торбачка на тонкім паяску.
Ганцавіцкі строй (мужчынскі) з калекцыі У. Кандрацені.
Мужчынскі камплект складаецца з паліковай кашулі з манішкай і каўняром-стойкай, аздобленых больш позняй, у параўнанні з процягам, вышыўкай крыжыкам. Кашуля падпаясаная шырокім паласатым поясам з кутасамі. У камплект уваходзяць таксама нагавіцы, пашытыя з сучаснага матэрыялу і высокія скураныя боты.
Неглюбскі строй з калекцыі А. Шыдлоўскай-Крэйн.
Неглюбскі строй досыць незвычайны і мае шмат цікавых адметнасцяў. Тут мы бачым багата арнаментаваную кашулю з вельмі характэрнай для гэтай лакальнай традыцыі кампазіцыяй дэкору: аўтэнтычную бісерную “гарлячку” на шыі, апранутую разам з пацеркамі з дутага шкла і шырокай чырвонай стужкай, на якую спераду падвешана каляровая кістачка. Таксама ў камплект уваходзіць тканая хуста, завязаная адмысловым чынам, тыповы неглюбскі гарсэт і позняя спадніца са стужкамі па нізе.
Кобрынскі строй (жаночы) з калекцыі А. Лагутка (Навіцкай).
Строй канца ХІХ ст., створаны на хут. Ізабэлін Кобрынскага р-на. Кашуля, фартух і андарак паходзяць з адной сям’і. Тут мы бачым класічны ва ўсіх сэнсах кобрынскі строй, багата аздоблены тканымі чырвонымі палоскамі на рукавах кашулі і фартуху. Строй дапаўняе намітка, завітая па-мясцоваму і тонкі чырвоны паяс, тканы на ніту. Вельмі цікавы андарак, які, наадварот, абсалютна не тыповы для гэтага строя. Часцей за ўсё тут былі чырвоныя ваўняныя андаракі ў вертыкальную палоску. Тут жа майстрыха зрабіла сабе больш модны фіялетавы андарак складанага тэкстыльнага перапляцення, аздоблены па нізе дзвюма шаўковымі бірузовымі стужкамі.
Кобрынскі строй (мужчынскі) з калекцыі Ц. Клімука.
На здымку мы бачым мужчынскую кашулю, аздобленую вышыўкай крыжыкам на гарлавіне і крыжыкам разам з лікавай гладдзю на манішцы, а таксама аўтэнтычныя льняныя нагавіцы і скураныя боты. Яскравая дэталь – шырокі каляровы паласаты пояс з кутасамі, тканы на ніту.
Строй на рэгіён Дамачова-Жабінка (састаўны) з калекцыі В. Дзядовік.
Камплект складаецца з вельмі цікавых і рэдкіх рэчаў: старадаўняй кашулі з надзвычай прыгожым арнаментальным малюнкам на паліку і ўнізе рукава, цудоўнага фартуха з амаль выключна чорным узорам і шырокімі фактурнымі карункамі шыдэлкам і белай спадніцы. На галаве ў мадэлі – характэрны для гэтага рэгіёну чапец, вельмі еўрапейскі па сваім кроі.
Столінскі строй з калекцыі А. Лагутка (Навіцкай).
На здымку – кашуля з в. Аздамічы з паліхромнай вышыўкай крыжыкам наверсе кашулі і вельмі цікавай аздобай па нізе, характэрнай для гэтых краёў. Таксама мы тут бачым каляровы фартух і спадніцу са стужкамі, хустку “калач”, наверх якой завязаная хустка “з цацкамі” (каляровымі кістачкамі), і прыгожы аксамітны кабат з Кажан-Гарадка, багата аздоблены стужкамі, тасьмой і металічнымі элементамі.
Столінскі строй з калекцыі А. Шыдлоўскай-Крэйн.
Другі столінскі камплект ў чымсці падобны, а ў чымсьці – розніцца ад папярэдняга, бо кожная жанчына стварала сабе адзенне хаця і ў межах лакальнай традыцыі, але па-свойму, на свой густ і магчымасці. Тут мы бачым галаўны ўбор замужніх жанчын – намітку, завітую па-мясцоваму; сціплей дэкараваную па нізе кашулю, якая выглядвае з-пад спадніцы, цудоўныя фартух з кішэнькай і кабат.
Бярозаўскі строй з калекцыі А. Шыдлоўскай-Крэйн.
На фотаздымку класічны, тыповы бярозаўскі строй. Звяртаюць на сябе ўвагу фрагменты, аздобленыя чырвоным дэкорам: тут ён прысутнічае, акрамя ўсяго, палосамі яшчэ на грудзях і жываце. Кашуля зашпільваецца на драбнюсенькія сінія гузічкі. Таксама на мадэлі мы бачым пацеркі з рачных пярлінак і яркі салатавы андарак, дэкараваны дзвюма ярка-ружовымі стужкамі.
Бярозаўскі строй з калекцыі А. Лагутка (Навіцкай).
І апошні строй – таксама бярозаўскі, з вёскі Здзітава. Строй уключае ў сябе старадаўнюю святочную кашулю і фартух, якія паходзяць з адной сям’і, даўгі стары андарак у вертыкальную палоску, дэкараваны па ніжнім краі самаробным ваўняным жоўтым шнурком, намітку і металічны круглы абразок-падвеску.