Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Строі з дэфіле ад 20.08.25. Фота і апісанні. Частка 2

Працягваем публікаваць фотаздымкі строяў з дэфіле, якое праходзіла 20 жніўня ў нашым музеі. Аўтар фота – Дар’я Сапранецкая.

Старадарожскі строй. Аўтар – Марына Варановіч.

На мадэлі – вышытыя процягам паводле аўтэнтычных прыкладаў кашуля, фартух і намітка – архаічны галаўны ўбор замужніх жанчын, завіты мясцовым спосабам. Акрамя багата арнаментаванага льнянога адзення, мы бачым таксама клятчасты андарак і гарсэт, створаны па матывах плечавога адзення з паўднёва-ўсходніх раёнаў Беларусі і пояс, тканы на дошчачках: тэхніцы, якая тут была досыць распаўсюджанай.

Капыльска-Клецкі строй. Аўтар – Яна Ленкавец.

Камплект адзення, які характэрны для памежжа Капыльскага, Клецкага і Ганцавіцкага раёнаў. Гэты камплект крыху пазнейшы па часе, тут, разам са старой па кроі і аздабленні капійнай кашуляй, на дзяўчыне апрануты больш позні чорны фартух з фальбонай і вышыўкай каляровым крыжыкам. Спадніца са стужкамі ў дробную складку і гарсэт, аздоблены каляровымі стужкамі і карункамі. З цікавых дэталяў  – пацеркі з дутага шкла.

Нясвіжскі строй. Аўтары – Яніна Бурая, Ганна Сілівончык.

Дадзены камплект – спроба аўтарскай рэканструкцыі таго адзення, якое б магло бытаваць тут. Асобна вылучанага нясвіжскага строю няма, і знаходак адсюль вельмі мала. Бліжэйшыя строі – капыльска-клецкі і наваградскі, таму дадзены камплект спалучае ў сабе рысы гэтых двух строяў. Кашуля вышытая паводле прыкладу з нясвіжскага музея. Гарсэт створаны па матывах наваградскага строя. Таксама мы бачым клятчасты андарак і клятчасты фартух, якія насіліся на захадзе Беларусі. Акрамя таго, на мадэлі апранутыя аўтэнтычны дзятлаўскі паясок, старадаўнія бурштынавыя пацеркі і пацеркі з вінтажнай смальты.

Вілейска-Маладзечанскі строй. Аўтар – Наталля Сухая.

На мадэлі апранутыя белая кашуля і фартух без вышыўкі, што характэрна для строяў з гэтых мясцін. Фартух – закруглены па нізе і мае кішэньку – такія модныя па форме фартухі сустракаліся на захадзе Беларусі. Гарсэт, створаны паводле аўтэнтычных прыкладаў, мае глыбокі выраз спераду і два шэрагі гузікаў. Асаблівую ўвагу прыцягвае галаўны ўбор – каптур з вушкамі і шырокімі стужкамі і хуста. Такія каптуры прыйшлі з Заходняй Еўропы і былі досыць распаўсюджаныя ў строях ад Вілейкі да Вільні.

Ваўкавыска-Камянецкі строй. Аўтар – Аляксандра Мятлеўская.

Дадзены камплект складзены з рэчаў, якія бытавалі ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі (Пружаны, Ваўкавыск, Камянец). Тут мы бачым кашулю, дэкараваную вышыўкай крыжыкам па гарлавіне, манжэтах і планачцы, нашытай спераду; просты белы фартух, пашыты з лёну шматнітовага ткацтва; андарак насычанага фіялетавага колеру; аўтэнтычны лідскі паясок, тканы на ніту. З цікавых дэталяў – хуста-абхінанка, якую часта насілі на захадзе Беларусі складзенай папалам, а таксама драўлянікі – драўляны абутак, які часта тут сустракаецца, і каптур, пашыты паводле аўтэнтычнага ваўкавыскага прыкладу.

Мастоўскі строй. Аўтар – Аляксандра Мятлеўская.

Яшчэ адзін цікавы заходні строй, скампанаваны з рэчаў, характэрных для Гарадзеншчыны. На дзяўчыне апранута простая белая кашуля, спадніца ў палоску і фартух у клетку, пашытыя з аўтэнтычнага матэрыялу, паяс, тканы на ніту і каптанчык. Такія куртачкі-каптанчыкі досыць шырока бытавалі на захадзе Беларусі. Яшчэ адна адметная рэч у гэтым камплекце – скураныя пасталы.

Бездзежскі строй. Аўтар – Ніна Літвінка.

На мадэлі мы бачым тыповы для Заходняга Палесся чырвоны андарак у вертыкальную палоску, падшыты яскравай сіняй тканінай; кашулю, створаную паводле бездзежскіх прыкладаў і зашпіленую па-старому на каснічок (стужачку); белы фартушок з шыдэлкавымі карункамі; аўтэнтычную хустку, вышытую каляровай гладдзю, і аўтэнтычны заходнепалескі паласаты паясок тонкай работы.

Мужчынскі і жаночы строі з Заходняга Палесся (зборны). Аўтары – Марыя Філіпчык, Юлія Літвінава.

Шлюбныя строі, створаныя майстрыхай паводле аўтэнтычных прыкладаў, найбліжэйшых да яе родных мясцінаў. Камплектаваліся стылістычна ў пару. Жаночы строй: кашуля ў зорачкі, вышытыя лікавай гладдзю – з Маларыцкага раёна, яскравы андарак у вертыкальную палоску са стужкай – з баранавіцкага музея, гарсэт і паясок – паводле ляхавіцкіх прыкладаў, фартух – ганцавіцкі, намітка завітая па прыкладзе кобрынскіх. Мужчынскі строй: маларыцкая кашуля ў зорачкі, вышытыя лікавай гладдзю, маларыцкі пояс. Камізэлька, нагавіцы і картуз (галаўны ўбор) пашытыя паводле аўтэнтычных прыкладаў.

Close Menu