«Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця» – так назваў сваё гасцяванне ў сядзібе Лычкоўскіх паэт Максім Багдановіч, правёўшы тут два месяцы летам 1911 года. Менавіта тут, у вёсцы Ракуцёўшчына, яшчэ больш запылала сэрца класіка любоўю да беларушчыны.
29 ліпеня ў фальварку Ракуцёўшчына прайшло традыцыйнае свята паэзіі і песні, прысвечанае памяці Максіма Багдановіча. Сёлета свята стала юбілейным, 40-ым па ліку, і прайшло з адпаведным размахам. Сярод краявідаў, якія натхнялі Максіма, сустрэліся сотні творчых, цікавых, таленавітых людзей, шчырых прыхільнікаў яго творчасці.
У літаратурна-музычным мерапрыемстве прынялі ўдзел вядомыя і маладыя беларускія паэты, дзеячы культуры, фальклорныя калектывы і эстрадныя артысты. Са сцэны гучалі паэтычныя чатанні ў выкананні Міхася Пазнякова, Навума Гальпяровіча, Віктара Шніпа, Таццяны Атрошчанка, Алены Басікірскай, Рагнеда Малахоўскага, Аксаны Мітрошчанка і інш. Спевамі і танцамі цешылі прысутных народна-фальклорны ансамбль “Маркаўчанка”, ансамбль народнай музыкі “Сакавінка”, ансамбль народной песні “Забудова”, фолк-бэнд “Неруш”, народны вакальны ансамбль “Беразіначка”.
На святочнай сцэне таксама адбылося ўзнагароджванне пераможцаў пісьменніцкага конкурсу “Ах словы, чароўныя словы…” і ўдзельнікаў мастацкага пленэру народнай ізастудыі мастацтваў Красненскага сельскага дома культуры.
Было чым заняцца гасцям свята і на музейным падворку. Беларускія настольныя гульні, моўныя спаборніцтвы, квэсты, разыгранкі, майстар-класы, – было падрыхтавана вялікае мноства забаў на розны ўзрост.
Ахвотныя таксама маглі далучыцца да экскурсій па фальварку і бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй гэтай мясціны, паглыбіцца ў часы, калі тут адпачываў малады Максім.
Юных наведвальнікаў вабіла лакацыя пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, якая з дапамогай казачных персанажаў ладзіла для хлопчыкаў і дзяўчынак падарожжы па свеце сваіх казак.
Каля стэнду выдавецтва “Звязда” адбываўся продаж кніг беларускіх аўтараў і праходзіла аўтограф-сесія творцаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Шмат цікавостак падрыхтавалі таксама Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна, Маладзечанскі раённы цэнтр рамёстваў і Дзіцячы цэнтр культуры “Расток”. Сярод іх – выставы, фотазоны, майстар-класы.
На рамесным кірмашы можна было набыць сапраўдныя дзівосы, зробленыя рукамі майстроў з Мінска і Маладзечаншчыны.
Кажуць, хто аднойчы пабываў у Ракуцёўшчыне, абавязкова сюды вяртаюцца зноў і зноў. Таму, сябры, з нецярпеннем будзем чакаць новых сустрэч на ракуцёўскай зямлі! Да наступнага “ракуцёўскага лета паэта”!