У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да 26 верасня дзейнічае выстава мініяцюрнай кнігі, на якой прадстаўлены амаль дзве сотні выданняў.
Гэта творы Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, П.Броўкі, Я.Коласа, Я.Купалы, Я.Брыля, Цёткі, У.Шэкспіра, Гётэ, Эзопа, М.Булгакава, С.Ясеніна, А.Пушкіна, Н.Гогаля і іншых пісьменнікаў. Кнігі датуюцца другой паловай ХХ ст. – пачаткам ХХІ ст.
Самая маленькая кніга з калекцыі – зборнікі твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа 1967 года выдання. Іх памер складае 5 х 4 сантыметры. Ілюстрацыі выкананыя народным мастаком Беларусі Васілём Шаранговічам. Зборнікі станавіліся лаўрэатамі Усесаюзнага конкурсу кніжнага мастацтва. Зараз кнігі знаходзяцца ў прыватнай калекцыі Яўгена Ксяневіча, які збірае мініяцюры ўжо больш за 30 гадоў.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ёсць самая маленькая беларуская кніга – паэзія Адама Міцкевіча 1898 года выдання. Яе памер складае 3 х 2,3 сантыметры.
