Штогод брэнд “Луч” рыхтуе адмысловую мадэль гадзінніка, якая прысвячаецца пэўнаму дзеячу беларускай літаратуры, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё роднай мовы.
21 лютага 2023 года, у Міжнародны дзень роднай мовы, ТАА “Мінскі гадзіннікавы завод” выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў “Мова”, падрыхтаваную ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.
Гэтым разам на цыферблатах айчынных гадзіннікаў увасобіліся імёны адразу трох выбітных пісьменнікаў – Петруся Броўкі, Янкі Брыля і Максіма Танка. Кожны з іх на ўласным прыкладзе паказаў, наколькі велічна можа гучаць родная мова і як прыгожа яна можа выглядаць на паперы.
Стваральнікі калекцыі пастараліся адлюстраваць на новых гадзінніках непаўторныя рысы почыркаў Петруся Броўкі, Янкі Брыля і Максіма Танка. Гэта стала магчымым, дзякуючы даследаванню рукапісаў пісьменнікаў, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Дамінантай дызайну новай калекцыі стала выява літары “ў”, якая захоўвае аўтарскі (пісьменніцкі) стыль яе напісання. На скураных раменьчыках аксесуараў красуюцца аўтографы пісьменнікаў.
Усе тры мадэлі гадзіннікаў сёння былі ўрачыста перададзены Мінскім гадзіннікавым заводам у фонды Літаратурнага музея.