16 кастрычніка 2019 г. у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася імпрэза – прэзентацыя новага зборніка вершаў Андрэя Хадановіча “Школа травы”.
Гасцей чакала сустрэча з аўтарам, які распавёў пра задуму зборніка, канцэпцыю кнігі, асаблівасці напісання вершаў. Акрамя твораў Андрэя, на імпрэзе прагучалі яго пераклады Адама Міцкевіча, Генрыха Гайнэ, Восіпа Мандэльштама і Уладзіміра Маякоўскага. Некалькі з іх прачытаў сам А.Хадановіч, пра некаторыя распавядалі яго сябры, спрактыкаваныя перакладчыкі і літаратары.
Ігар Крэбс прадставіў таксама свае пераклады Г. Гайнэ, ды агучыў верш нямецкага паэта ў арыгінале.
Віталь Рыжкоў распавёў пра свой удзел у міжнародным праекце,звязаным з творчасцю А.Міцкевіча. Як удзельнік праекта, Віталь агучыў пад сімфанічны аркестр урывак з паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш” у перакладзе на беларускую А.Хадановіча.
Аздабленнем вечара стала музыка ў выкананні “Five – storey ensemble”, напісаная адмыслова для імпрэзы.