Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Прэзентацыя альбома “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі”

25 мая 2019 г. А 14-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на прэзентацыю альбома “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі”. Дыск змяшчае песні на вершы Станіслава Валодзькі (г. Даўгаўпілс, Латвія) у выкананні Сяргея Шабадалава, саліста ансамбля беларускай песні “Світанак” беларускага культурнага цэнтра “Крок”  (г. Вісагінас, Літва).

Паэт Станіслаў Валодзька (г. н. 1956 г.) нарадзіўся ў в. Падольцы на Астравеччыне Гродзенскай вобласці, але жыццёвыя шляхі прывялі яго ў г. Даўгаўпілс (Латвія), дзе ён цяпер жыве, і сваёй творчасцю і грамадскай дзейнасцю падтрымлівае беларускую культуру Латгаліі, спрыяе ўзмацненню і пашырэнню культурных сувязей паміж Беларуссю і Латвіяй. Сёння творы сп. Валодзькі вядомы не толькі ў гэтых краінах, але і ў Англіі, Польшчы, Расіі, Украіне. Не менш плённая грамадская дзейнасць паэта: ён прымае актыўны ўдзел у правядзенні Дзён беларускай культуры, творчых вечарын, выстаў, якія ладзяцца таварыствам “Уздым” і Саюзам беларусаў Латвіі, непасрэдна ўдзельнічаў у стварэнні Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе. С. Валодзька выступіў ініцыятарам стварэння і ўваходзіць у склад кіраўніцтва Асацыяцыі творчай інтэлігенцыі Даўгаўпілса “DINA-ART” і таварыства Латвійска-Беларускай садружнасці. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі, Асацыяцыі дзіцячых пісьменнікаў Латвіі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. За творчую і культурна-асветніцкую дзейнасць спадар Станіслаў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, Ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь i памятным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння М.А. Шолахава “За гуманізм і ўклад у славянскую культуру”.

Паэзія яднае людзей ва ўсім свеце. Лірыка Станіслава Валодзькі вельмі музыкальная, яна прыцягвае ўвагу кампазітараў, натхняе на творчасць. У альбом “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі” ўвайшлі песні на музыку беларускіх кампазітараў М. Яцкова, С. Ціханава, А. Мядзведзева, А. Рудзя, А. Белуся, Д. Пятровіча, а таксама песні Севярына Краеўскага і Анатоля Рубінава, перакладзеныя Станіславам Валодзькам на беларускую мову з польскай і рускай. У праграме мерапрыемства аўтары раскажуць пра тое, як нараджаліся гэтыя песні, пра гісторыю стварэння альбома. Не абыйдзецца і без сюрпрызаў для слухачоў. А ўпрыгожваннем прэзентацыі стане выкананне песень Сяргеем Шабадалавым.

Шчыра запрашаем на мерапрыемства!

 

Уваход вольны.

 

Калі: 25 мая 2019 г.     14.00
Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча,13)

Тэлефон для даведак: (017) 334-56-21.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

 

Close Menu