2018 год для Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры праходзіць пад зоркай вядомага паэта-рамантыка XIX стагоддзя Адама Міцкевіча. Год пачаўся знамянальнай падзеяй – прэзентацыяй выставы “Шляхецкія быліцы” Адама Міцкевіча”, на якой былі прадстаўлены не толькі матэрыялы з фондаў музея, але і дакументы Польскага інстытута. Завяршаецца “год Міцкевіча” прэзентацыяй выставачнага праекта ў Маскве, дзе пэўны час жыў паэт.
13 снежня 2018 года ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя літаратурнай выставы “Дзяды” Адама Міцкевіча: гісторыя душы” і фотавыставы “Па мясцінах Адама Міцкевіча”.
Выстава “Дзяды” Адама Міцкевіча: гісторыя душы” распавядае пра жыццёвы і творчы шлях выдатнага паэта-рамантыка ХІХ ст. Адама Міцкевіча, пра гісторыю напісання “Віленска-ковенскіх Дзядоў” і “Дрэздэнскіх Дзядоў”, адлюстроўвае пераасэнсаванне паэмы “Дзяды” у ХХІ ст. дзякуючы тэатральным пастаноўкам.
Паэма Адама Міцкевіча “Дзяды”, напісаная на польскай мове, – адзін з самых яркіх шэдэўраў сусветнай літаратуры. Яна адлюстроўвае вобразы яго Радзімы – Беларусі. Гэта жывы помнік адной з самых цікавых старонак гісторыі нашай Бацькаўшчыны.
На выставе былі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея (творы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Антонія Адынца; рукапісныя пераклады Язэпа Семяжона, Пятра Бітэля на беларускую мову).
Фотавыстава “Па мясцінах Адама Міцкевіча” – вынік міжнароднага фотапленэра. Фотамайстры Беларусі, Польшчы і Літвы некалькі дзён вандравалі па Беларусі, па мясцінах звязаных як з асобай самога паэта, яго сяброў, родных так і героямі цудоўных твораў Адама Міцкевіча – фальварак Завоссе, возера Свіцязь, Валеўка, Райца, Варонча, Карчова, Туганавіцкі парк, Наваградак, Шчорсы, Карэлічы. Удзельнікі фотапленэра – фотамастакі-беларусы Юрый Васільеў, Валерый Сібрыкаў, Сяргей Плыткевіч, Валерый Ведрэнка, Віктар Сядых, Наталля Ракіцкая, літоўцы Сігітас Канцявічус, Раймондас Пуйшыс, Рамуальдас Вайткус, палякі Ежы Пёнтак і Кшыштаф Макоўскі.
Месца правядзення: г.Масква, вул. Марасейка, 17/6.