Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Прэзентацыя часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Мудрасць вякоў”

23 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Мудрасць вякоў”, прысвечаная юбілеям вядомых асветнікаў беларускай зямлі: Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, а таксама да 835-годдзя з часу стварэння “Слова пра паход Ігараў”.

Выставу ўпрыгожваюць мастацкія працы асоб еўрапейскага ўзроўню ў выкананні вядомых мастакоў: Арлена Кашкурэвіча, Георгія Паплаўскага, Віктара Барабанцава, Уладзіміра Пасюкевіча, Генрыха Ціхановіча, Эдуарда Агуновіча, Віктара Сташчанюка, Яўгена Куліка, Алеся Цыркунова.

Ад Еўфрасінні Полацкай – першай асветніцы зямлі беларускай – пачынаецца наша літаратурна-мастацкая выстава. Менавіта, як некалькі стагоддзяў назад “Ад Полацка пачаўся свет”.

На экспазіцыі змешчаны арыгінальныя выданні: Уладзіміраў П. В. Докторъ Францискъ Скорина. Его переводы, печатныя изданія и языкъ. Санкт-Петербург. 1888; Памятники российской словесности ХІІ въка, изданные съ объяснениемъ, варіантами и образцами почерковъ К.Калайдовичемъ. М.1821; Святые Равноапостольные Кіріллъ и Мефодій; Санкт-Пецярбург. 1866; Катехизис. Гродна. 1788; Катэхізіс стараверскі. 1802 (з фондаў ДМГБЛ); выданне Сімяона Полацкага. Псалтыр у вершах. 1680 (з фондаў ЦНБ імя Я.Коласа НАН); а таксама творы і даследчыя працы пра жыццё і творчасць гуманістаў-асветнікаў: Мікола Гусоўскі. Песня пра зубра. На лацінскай, беларускай, рускай мовах. Мн.1980; Аляксей Мельнікаў. “Кірыл, епіскап Тураўскі”. Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн. 1997; Якаў Парэцкі. Сымон Будны. Мн.1975; Старажытная беларуская літаратура (ХІІ-ХVІІ стст.). Укладанне, прадмова і каментар Івана Саверчанкі. Мн. 2007 і інш. На экспазіцыі змешчана некалькі кніг Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны: Том 11. Трэцяя кніга Царстваў. Факсімільнае ўзнаўленне. Мн. 2014; Том 6. Кніга Іова. Факсімільнае ўзнаўленне. Мн. 2014; Том 14. Псалтыр. Факсімільнае ўзнаўленне. Мн. 2016; Том 20. Кніга Апостал. Факсімільнае ўзнаўленне. Мн. 2017.

З прывітальным словам да гасцей выступіў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Леанідавіч Рыбакоў. На імпрэзе прагучалі выступленні Вячаслава Чамярыцкага –літаратуразнаўца, філолага, крытыка, кандыдата філалагічных навук; Івана Саверчанкі – дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара; Алеся Бразгунова – вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, мастака Віктара Барабанцава, беларускага пісьменніка Навума Гальпяровіча.

Пра стварэнне выставы “Мудрасць вякоў” распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Паліна Саўген.

Цудоўную святочную атмасферу для гасцей стварыў дуэт цымбалістаў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №10 імя Яўгена Глебава ў складзе: цымбалы – Алена Дзехцярова і Таццяна Краснабаева, клавішы – Іван Сцепанцоў.

Close Menu