10 чэрвеня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця”.
Часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця…”, прымеркавана да 95-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Не адно пакаленне выхоўвалася на творах Васіля Быкава. І сёння цікавасць да асобы пісьменніка не змяншаецца. Да творчасці пісьменніка звярталіся і звяртаюцца літаратуразнаўцы, мастакі, кінадраматургі, рэжысёры. З’яўляюцца новыя кінастужкі па творах Васіля Быкава.
Часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця…” раскрыла старонкі жыцця Васіля Быкава праз аўтографы на кнігах, якія пісьменнік дарыў сябрам, калегам, знаёмым: Марыі Хайноўскай, Лідзіі Арабей, Аляксею Карпюку, Валянціну Тарасу, Івану Чыгрынаву, Алесю Адамовічу, Рыгору Барадуліну, Генадзю Бураўкіну, Сяргею Законнікаву і інш. На выставе былі прадстаўлены фотаздымкі, лісты і паштоўкі з архіва Васіля Быкава, якія захоўваюцца ў фондах музея.
У вечарыне прынялі ўдзел:
Дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Паўлавіч Латушка, беларускія пісьменнікі Сяргей Іванавіч Законнікаў і Навум Якаўлевіч Гальпяровіч, унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч, дачка Алеся Адамовіча Наталля Аляксандраўна Адамовіч-Шувагіна, журналіст і даследчык творчасці В. Быкава Сяргей Шапран.
Падчас мерапрыемства прогучаў урывак з твора Васіля Быкава “Жураўліны крык” у выкананні актрысы літаратурнага тэатра “Слова” Зінаіды Ўладзіміраўны Феакціставай.