18 мая 2018 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося мерапрыемства “Падарожжа ў краіну “Вясёлку”. Вандроўка адбылася ў Міжнародны дзень музеяў у рамках акцыі “Мая сям’я ідзе ў музей”.
Маленькія наведвальнікі завіталі на сапраўднае свята “Міжнародны дзень музеяў”, якое адзначаецца больш чым у 150 краінах, пачынаючы з 1978 года. Прынята лічыць, што праз музеі грамадства выказвае сваё стаўленне да гісторыка-культурнай спадчыны, і з гэтым цяжка не пагадзіцца, бо музеі захоўваюць і збіраюць помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Настасся Леанідаўна Кальцова павіншавала ўсіх прысутных і распавяла пра дзейнасць Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Вандроўка працягнулася цікавым падарожжам у “Краіну “Вясёлку”, дзе сапраўдная чараўніца, загадчык адзела сувязей з грамадскасцю часопісаў “Вясёлка” і “Буся”, Радміла Аляксандраўна Казлякевіч расказала дзецям пра гэтыя часопісы і пра іх незвычайных герояў. Шмат кніг выходзіць для дзяцей, але многа цікавых твораў друкуецца ў дзіцячых часопісах, адным з такіх часопісаў з’яўляецца часопіс “Вясёлка”. Наведвальнікі даведаліся хто “нарадзіў” незвычайны часопіс для дзяцей, а таксама, якія пісьменнікі друкаваліся на працягу існавання часопіса, а якія друкуюцца сёння. Асаблівую ўвагу Радміла Аляксандраўна надала кнігам, якія дапамагаюць маленькім дзецям вучыць родную мову.
Дзеці паглядзелі мультфільмы пра часопісы “Вясёлка” і “Буся”, пазнаёміліся з народнай казкай “Піліпка-сынок”, паўдзельнічалі ў віктарыне, самыя актыўныя атрымалі часопісы “Вясёлка”, а Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры падрыхтаваў рознакаляровыя шары, якія дзеці атрымалі ў падарунак.
Было весела!!!
Мы спадзяёмся, што маленькія наведвальнікі стануць нашымі сапраўднымі сябрамі, а часопісы “Вясёлка” і “Буся” стануць жаданымі і любімымі ў маленькіх чытачоў!!!
Навуковы супрацоўнікнавукова-асветніцкага аддзела
Алена Канапацкая