Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

ПОСТ-РЭЛІЗ мерапрыемства “Кубак шампіньёнаў” у межах Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў – 2019

18 мая 2019 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча было шматлюдна і весела. Да нас завіталі жадаючыя паўдзельнічаць у спартыўна-інтэлектуальным свяце “Кубак шампіньёнаў”, арганізаваным у межах штогадовай міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”.

Распачалося свята “Спеўным сходам” на чале з Сяргеем Доўгушавым. Прысутныя ў нязмушанай атмасферы на пляцоўцы перад музеем хорам спявалі вядомыя беларускія песні.

Працягнулася імпрэза адкрыццём двух выставачных праектаў. У фае прэзентавалі выставу “На стАРТ!”: плакаты вядомых беларускіх мастакоў на спартыўную тэматыку з фондаў Беларускага саюза дызайнераў і Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі. Вядомы беларускі мастак-фатограф, выкладчык Сяргей Піліповіч правёў майстар-клас для наведвальнікаў па стварэнні плаката.

На адкрыцці другой выставы, “Дэбют”,  прэзентавалі фотаздымкі, зробленыя падчас трэніроўкі  па тайскім боксе дзіцяча-юнацкай каманды клуба “Апачы” (Мінск) сумесна з маладымі беларускімі пісьменнікамі, пераможцамі літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча. Аўтар фотаздымкаў – супрацоўніца музея Лізавета Дубінчына, для яе гэта таксама дэбют – першая персанальная выстава. Удзельнікі праекта падзяліліся сваімі ўражаннямі ад нетыповай для іх актыўнасці, паэты пазнаёмілі прысутных са сваёй творчасцю.

Далей гасцей свята чакалі самыя розныя, сур’ёзныя і жартоўныя, спартыўныя і інтэлектуальныя выпрабаванні на экспазіцыі, у выставачнай залі, фае і нават на вуліцы: “Музейны марафон” і “Літаратурныя асілкі”, “Падарожжа па зачарованым царстве” і “Гарадкі”, “Шуфлядка”, “Літаратурны кракадзіл” і “Кубік Рубіка”.

Разынкай свята стаў паэтычны слэм “Мінскі рахунак”, у якім ўдзельнічалі беларускія паэты, прычым яны самі і мусілі абіраць пераможцу. У гэтым паэтычным турніры перамагла Даша Бялькевіч. Годнай музычнай аздобай свята стаў выступ гурта “Ketri” і постшансанье Георгія Дабро.

Завяршылася імпрэза ўганараваннем пераможцаў спаборніцтваў: яны атрымалі падарункі ад Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, нашых шаноўных спонсараў і партнёраў – symbal.by, грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, Саюза беларускіх пісьменнікаў, кампаніі supertoys.by, кампаніі LSTR Adziėnnie.

Шчырыя словы ўдзячнасці ад супрацоўнікаў музея нашым памочнікам, валанцёрам і сябрам – Святлане Ветравай, Максіму Лунёву, Ксеніі Бернат, Івану Макараву, Андрэю Васілеўскаму, Віктару Ведзеню, Вадзіму Літвінаву, Алесі Рамук.

“Ноч музеяў – 2019” і “Кубак шампіньёнаў” у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча завяршыліся, але ўспаміны застаюцца… Як і надзеі на новыя сустрэчы і імпрэзы…

Close Menu