![]() |
Пост-рэліз Літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Спорт у жыцці пісьменніка” |
![]() |
29 красавіка 2019 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Спорт у жыцці пісьменніка”.
Экспазіцыя прымеркавана да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Лагатыпам спаборніцтваў стала папараць-кветка, а дэвізам – “BrightYear, BrightYou” (“Яркі год, яркі ты”), беларускі варыянт – “Час яскравых перамог”. Талісман гульняў – лісяня Лесік, герой казкі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”.
Спорт займае сваё месца ў жыцці кожнага чалавека, а яшчэ знайшоў адлюстраванне ў літаратуры і іншых творах мастацтва.
Пра спорт у жыцці пісьменнікаў распавядае наша экспазіцыя, якая ахоплівае гістарычны перыяд з XVІII па XXI стагоддзі. Тут прадстаўлены майстры прыгожага пісьменства з Англіі, Амерыкі, Беларусі, Ірландыі, Расіі. У наведвальнікаў ёсць магчымасць пазнаёміцца з тымі відамі спорту, якім аддавалі і аддаюць перавагу пісьменнікі.
На адкрыцці выступіла ўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыя Міцкевіч. Яна распавяла пра сваю сям’ю і пра тое, якое месца ў ёй займаў і займае сёння інтэлектуальны від спорту – шахматы. Марыя Міхайлаўна прадаставіла для экспанавання шахматы, набытыя сынам Якуба Коласа Міхасём Міцкевічам у 1948 г. Тут можна ўбачыць і прыгожыя сувенірныя шахматы Кандрата Крапівы. Сваімі ўспамінамі пра дзеда Кандрата Кандратавіча і яго любоў да шахмат падзялілася Алена Атраховіч. Вершы, звязаныя з шахматамі, прачытаў даўні сябра музея, паэт і перакладчык Васіль Жуковіч. Навуковую глебу пад шахматную тэму падвёў палітолаг, перакладчык, даследчык і аматар шахматнай мінуўшчыны Вольф Рубінчык. Атрымалася цікавая размова для аматараў шахматнай справы.
На экспазіцыі прадстаўлены і спартыўны інвентар, які нас вяртае ў 70-80-я гады ХХ стагоддзя.
Шчыра запрашаем наведаць экспазіцыю і адкрыць для сябе новую старонку з жыцця беларускіх і замежных пісьменнікаў!!!
Спяшайцеся!!! Экспазіцыя працуе да 31 ліпеня.