Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Пімену Панчанку – 105!

23 жніўня 1917 года нарадзіўся Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка. У сваіх вершах ён заўсёды выступаў як шчыры патрыёт Беларусі, змагар за захаванне міру і прыроднага багацця планеты, за пашырэнне беларускай мовы і выхаванне гуманістычнай, культурнай асобы.

Выдатны паэт, перакладчык, крытык, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны пакінуў нам багатую творчую спадчыну. Пасля вайны Пімен Емяльянавіч працаваў у часопісах “Вожык”, “Нёман”, газеце “Літаратура і мастацтва”. З 1966 г. – на пасадзе сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1972 г. быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Паэтычныя зборнікі “Упэўненасць”, “Дарога вайны”, “Пры святле маланак”, “Снежань”, “Крык сойкі”, “Нью-Ёркскія малюнкі”, “Кніга вандраванняў і любові”, “Дзе начуе жаваранак”, “І вера, і вернасць, і вечнасць” па-сапраўднаму былі адзначаны не толькі з боку крытыкаў і дзяржавы, але і чытачамі з усяго свету. У 1973 г. Пімену Панчанку было нададзена ганаровае званне Народнага паэта Беларусі.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры беражліва захоўвае матэрыялы, якія паступілі ў 2000 г. з асабістага архіва паэта ад жонкі Зоі Кірылаўны. Сёння фонд складае больш за 800 адзінак захоўвання, сярод якіх асабістыя рэчы, сувеніры з падарожжаў, дакументы, кнігі, рукапісы, лісты і фатаграфіі, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта.

На Палессі восень…

На Палессі восень…
Гусі белыя
Выскублі мядовую траву.
І вятры, ад сцюжы ашалелыя,
То журботна свішчуць,
То равуць.

Смех і кветкі,
Вы куды падзеліся?
Навакол
Стагі, стагі, стагі.
Чым жа ты цяпер са мной падзелішся,
Прыпяць, пачарнелая з тугі?

Ліст пажоўклы да плашча прыколеш?
Ці на момант вернеш мне ізноў
Каснічок зары,
Світальны колер
Тапалёў, буслоў і туманоў?

А сама замкнешся ў лядоўні,
Лета у стагі паклаўшы спаць…
Будуць коні сніць лугі мядовыя
І, як людзі, цяжка уздыхаць.

1965

Close Menu