Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Першая сустрэча “Чытацкага клуба у Літаратурным”

“Нельга забыць” – раман амаль што сентыментальны, так вызначыў яго сам Уладзімір Караткевіч. З гэтага рамантычнага, трапяткога, насычанага пачуццём і працятага трагізмам твора распачнем сустрэчы праекта “Чытацкі клуб у Літаратурным”.

Часцей за ўсё з нашымі наведвальнікамі мы сустракаемся, каб нешта расказаць і паказаць на экскурсіях, імпрэзах, выставах… Новы ж праект будзе скіраваны да супрацы і размовы. Прапануем разам разбірацца ў сакрэтах творчай кухні пісьменнікаў, размотваць клубкі сюжэтных ліній і перыпетый лёсаў персанажаў. Сустрэчы чытацкага клуба будуць праходзіць у музеі раз на два-тры месяцы.

Першая сустрэча стане адначасова і знаёмствам для ўдзельнікаў, і творчым эксперыментам: пагружэннем ў свет прозы і паэзіі адначасова.

Раман “Нельга забыць”, вядомы і пад назвай “Леаніды не вернуцца да Зямлі”, – гэта найтанчэйшае спалучэнне прозы і паэзіі. Таму падчас размовы будзем разбірацца як у гісторыі твора, так і ў вобразах паэмы, “напісанай” галоўным героем Андрэем Грынкевічам. Пагаворым пра тое, хто быў прататыпамі персанажаў; як знітоўваецца жыццё самога Уладзіміра Сямёнавіча з гэтым творам. Таксама пазнаёмімся з гісторыяй напісання і выдання твора, з пралогам “Паром на бурнай рацэ”, які быў выдадзены асобна. Пагутарым і пра рамантычны і глыбока псіхалагічны складнік твора.

Удзел у сустрэчах чытацкага клуба па папярэдняй рэгістрацыі праз гугл-форму: https://forms.gle/eetqBMGUjDpQNHc46

Пасля рэгістрацыі ўдзельнікі атрымаюць зваротную форму з больш падрабязным планам і пытаннямі да абмеркавання.

Першая сустрэча адбудзецца 30 сакавіка.

Пачатак: 16:00.

Мадэратар: Валянціна Кароткіна.

Кошт: 5 рублёў.

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: вул. М. Багдановіча, 13.

Close Menu