Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Падарожжа на радзіму Петруся Броўкі, Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна

26 чэрвеня 2021 г. адбылося літаратурнае падарожжа ў рамках праекта “Беларусь – краіна паэтаў”, прымеркаванае да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечанае тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

Першым прыпынкам падарожжа стала “крыніца паэтаў”, якую літаратары называлі “броўкавай”. Яшчэ па дарозе ўдзельнікі вандроўкі даведаліся, чым знакаміта гэта крыніца і чаму мае такую назву. Кожны жадаючы атрымаў магчымасць наталіцца жывой вадой. Прахалода празрыстай крынічнай вады, цудоўныя краявіды зялёных лясоў і палёў, цудоўнае надвор’е і нават бусел, які праляцеў над аўтобусам – усё спрыяла добраму настрою і натхненню ўдзельнікаў вандроўкі. Без перапынку гучалі ўжо традыцыйныя чытанні па дарозе – вершы Петруся Броўкі і Рыгора Барадуліна, урыўкі з прозы Васіля Быкава.

Наступным прыпынкам стала хата Рыгора Барадуліна ва Ушачах. Адчувалася, што ўдзельнікі проста прыехалі ў госці да дзядзькі Рыгора. Пад знакамітым “бацькоўскім вязам” шчырымі словамі ўзгадалі паэта, атрымалі магчымасць зайсці ў дом і па вельмі крутой лесвіцы – на другі паверх (з жартоўным надпісам “8 паверх”), у пакой Рыгора Барадуліна, дзе звычайна ён пісаў вершы.

Удзельнікі атрымалі магчымасць паглядзець Ушачы: наведалі нядаўна ўсталяваныя помнікі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну, прайшліся па стогадовай мураванцы, па якой хадзіла шмат беларускіх пісьменнікаў, аглядзелі касцёл Святога Лаўрэнція.

Важным для ўсіх стала наведванне месца апошняга прытулку Рыгора Барадуліна і яго маці. У ціхай, амаль спавядальнай атмасферы ўзгадалі паэта і яго маці Акуліну. Малітва, добрае слова, кветкі — тое нямногае, чым маглі мы аддзячыць Рыгору Іванавічу за яго геніяльнае слова ў літаратуры.

Па дарозе да бацькоўскай хаты Васіля Быкава працягваліся чытанні, яшчэ больш гучала вершаў і урыўкаў з прозы ад удзельнікаў вандроўкі. У вёсцы Бычкі, дзе знаходзіцца Сядзіба-музей Васіля Быкава, ўдзельнікі пабачылі ўнікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх – ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат – жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахаронка, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.

Апошняй кропкай падарожжа стала загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе вандроўнікаў сустрэў адзін з мясцовых жыхароў, Міхаіл Сыс, які зараз кіруе Хатай-музеем Петруся Броўкі.

Тэма маці, якая шчымлівай песняй гучала на працягу ўсяго падарожжа, атрымала трывожнае гучанне ля помніка Алене Сцяпанаўне Броўка, што быў пастаўлены сынам-паэтам. Ля помніка маці, што стала ахвярай фашызму, узгадалі яшчэ адну жанчыну — Алену Рыгораўну Рыдзеўскую, маці жонкі паэта.

У Хаце-музее Петруся Броўкі ўдзельнікі даведаліся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі. У 2021 годзе знайшлася партатыўная пішучая машынка Continental, якая належала народнаму паэту. Броўкі набылі машынку ў прыватнай асобы, калі паэт пасля Вялікай Айчыннай вайны пражываў на вуліцы Беларускай, 4 (зараз Ульянаўская, 29). Гэтую пішучую машынку і пабачылі ўдзельнікі падарожжа.

 

Пасля доўгага насычанага дня, вялікай колькасці цікавай інфармацыі, эмоцый і ўражанняў прысутных чакаў пачастунак, падрыхтаваны Міхаілам Сысом: грыбны суп па-вушацку, бульба ў мундзірах і бярозавы квас. Вясёлыя размовы і абмен уражаннямі ад вандроўкі сталі добрым завяршэннем літаратурнага падарожжа. Удзельнікі вандроўкі сталі адной вялікай літаратурнай сям’ёю, у кожным сэрцы назаўжды засталася Ушаччына – край волатаў, партызан і паэтаў.  Удзельнікі змаглі пераканацца ў тым, што родная беларуская зямля хавае ў сабе велізарную сілу, моц і духоўнасць. Яна вартая шанавання і ўсхвалення:  у думках, учынках, у вершах.

Close Menu