18 мая Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры абяцаў сваім наведвальнікам ідэальны расклад на вечар і… стрымаў абяцанне!
“Музейная ноч” атрымалася сапраўды чароўнай і пакінула па сабе безліч незабыўных уражанняў, прыемных знаёмстваў і яркіх адкрыццяў.
Госці музея, вандруючы па залах-аўдыторыях у ролі студэнтаў ці вольных слухачоў з імпэтам слухалі лекцыі і канцэрты, праходзілі квэсты і квізы, удзельнічалі ў тэатральных экспромтах і майстар-класах. Карацей, адукоўваліся і забаўляліся па поўнай вучэбнай праграме, якая мела тэматычную назву “Аўдыторыя №13 або Ідэальны расклад”.
Але па-сапраўднаму ідэальным расклад майскага вечара зрабіла не толькі насычаная і збалансаваная праграма. Вялікую ролю тут адыгралі актыўнасць і зацікаўленасць нашых наведвальнікаў, іх шчырая любоў да беларускай літаратуры і культуры, іх гарачыя танцы і вясёлы настрой! Дзякуй вялікі ім за гэта!
Вядома ж, выказваем падзяку за супрацу і прафесіяналізм нашым запрошаным “выкладчыкам”: фолк-дуэту “Ralla”, квінтэту “Радыё-брас” “Белтэлерадыёкампаніі”, Народнаму літаратурнага тэатра “Жывое слова”, даследчыку Змітру Юркевічу, старшыні СЭТ Ганне Сілівончык, аўтарцы беларускіх настолак Наталлі Галко, пісьменніцы Кацярыне Хадасевіч-Лісавой, а таксама ўсім астатнім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі праграмы.
Сустрэнемся праз год – з новымі ідэямі і раскладамі!