
21 мая 2022 года, у межах Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае дарослых і дзяцей на вялікую інтэрактыўную праграму “Гульня ў літары, або Дайсці да Месца Моцы”.
Толькі ў музейную ноч у Траецкім прадмесці, у будынку музея, лакалізуецца загадкавае Месца Моцы. Шанс трапіць туды атрымае кожны наведвальнік, але ці кожны адолее цярністы шлях?
А шлях той будзе пралягаць праз свет беларускіх літар, словаў і твораў, у якіх і крыецца ўся моц і святло душы чалавечай. Як скарынаўскія наборшчыкі, збіраючы літарку да літаркі, наведвальнікі мусяць прайсці пакручастымі пуцявінамі літаратуры ў самых розных яе ўвасабленнях. Толькі пасля таго, як яны ўрэшце дабяруцца да вытокаў, ім адчыніць свае дзверы самая сакральная лакацыя музея – Месца Моцы.
Падарожнічаючы па музейных залах, здабываючы запаветныя літары, вандроўнікі набудуць каштоўныя веды і карысныя ўменні, незабыўныя ўражанні і новыя знаёмствы, цудоўны настрой і мноства іншых скарбаў.
На шляху да Месца Моцы дарослых і дзяцей чакаюць літаратурныя квэсты і мовазнаўчыя гульні, тэатральныя пастаноўкі і творчыя сустрэчы, музычныя выступленні і мастацкія праграмы. А таксама – выставы, экскурсіі, майстар-класы, зоны для фота і рэлаксу. І яшчэ – сюрпрызы і падарункі кожнаму!
Запрашаем у дарогу! Бярыце дзяцей, сяброў, каханых ці выпадковых знаёмых і прыходзьце на Багдановіча, 13.
Квіткі: 10 руб. – дарослы, 5 руб. – дзіцячы (да 12 гадоў), дзеці дашкольнага ўзросту – бясплатна.
Увага! Кожны дарослы наведвальнік атрымае зніжку на квіток 50%, правільна адказаўшы на ўваходзе на кантрольнае пытанне-пароль.
Акрамя таго, будзе дзейнічаць адзіны квіток коштам 15 рублёў на наведванне двух музеяў – Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (гэта мы) і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (гэта наш філіял, знаходзіцца побач).
Квіткі можна набыць анлайн па спасылцы або праз касу музея.
Наш адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.
Тэл. +375 (17) 363-56-21, +375 (17) 363-94-65.
ПРАГРАМА:
18:00 – 19:30 “Літаратурны квіз” для дзяцей ад Наталлі Галко і праекта “Скарбонка гульняў”
18:00 – 18:30 Адкрыццё выставы “Цудоўны свет дзіцячай кнігі”
18:00 – 22:20 Квэст “Таямніцы экспазіцый”
18:30 – 19:00 Музычна-пластычная фантазія “Казкі дзядзькі Якуба” ад Тэатра юнага гледача
18:30 – 20:30 Майстар-клас “Ствараем вобраз беларуса ў суаўтарстве з Рэпіным” ад мастачкі Марыны Эрэнбург (на базе выставы “Леў Талстой. Вобраз, створаны Рэпіным”)
19:00 – 19:30 Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Ліпскага “Я тут жыву”. Гульнявая праграма для дзяцей з удзелам пісьменніка
19:00 – 22:20 Праца лакацыі “Месца Моцы”
19:00, 20:30 Куратарская экскурсія Ірыны Князевай па выставе «А Вы не из Витебска?..» да 135-годдзя Марка Шагала
19:30 – 20:30 Сустрэча з рэжысёрам фільма “Марк Шагал. Нерэальная рэальнасць” Зояй Катовіч. Паказ фільма
19:30 – 20:30 Мовазнаўчая гульня “Загадкі дзеда Кандрата”
19:30 – 20:30 Майстар-клас для дзяцей і дарослых ад мастачкі Аксаны Аракчэевай
20:30 – 22:00 “Літаратурны квіз” для дарослых ад Наталлі Галко
21:00 – 22:20 Мастацкая праграма Дарожка” фальклорнага гурта “Этнасуполка” БДУКМ (кіраўнік – Таццяна Пладунова)
22:30 – 23:00 Выступленне спявачкі LEAR
У праграме магчымы нязначныя змяненні.