Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

(Не)Ноч у музеі. Праграма Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Дарагія сябры! Шчыра запрашаем правесці вечар 22 мая з 18.00 да 23.00 у гасціннай і прыветнай кампаніі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай ліатаратуры, які прапануе Вам эксклюзіўную праграму “(Не)Ноч у музеі”.

Зберагаючы мінулае, крочым у будучыню! Пад такім дэвізам працуе і развіваецца Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Музей, які аб’ядноўвае ўсіх беларускіх пісьменнікаў, захоўвае літаратурныя артэфакты. Літаратурны музей сёння – гэта пляцоўка для творчасці, гульні і развіцця. Літаратурны музей збірае, захоўвае (больш за 60 000 музейных прадметаў) і экспануе (больш за 1000 арыгінальных прадметаў штогод). Кожная літаратурная выстава – сапраўдная падзея, бо яна дае магчымасць спазнаць свет беларускіх аўтараў, іх герояў і таямніцы беларускага характару.

У гэты цудоўны вечар/(не)ноч вы зможаце павандраваць у прасторы і часе па дзеючых экспазіцыях музея пад дэвізам “22 за 3” – паўдзельнічайце ў 22 музейных актыўнасцях усяго за 3 рублі. За адзін вечар вы пазнаёміцеся з 7 экспазіцыямі і прыміце ўдзел у спецыяльных музейных праграмах, па выніках якіх атрымаеце падарункі. Адмыслова створаная фотазона, флэшмоб “Вясёлкін у #літмузеі” дапаможа зафіксаваць гэты дзень у памятных фотаздымках і знайсці новых сяброў у сацыяльных сетках.

Вас чакае музычна-паэтычная праграма, квэст “Таямніцы літаратурнага”, гульні, спаборніцтвы, занятак “Зрабі кнігу сваімі рукамі” і шмат іншага.

Хапайце добры настрой і да сустрэчы 22 мая ў 18.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры па адрасе вул. М. Багдановіча, 13.

Калі ў вас засталіся пытанні, звярніцеся да нас па тэлефонах: (017) 363-56-21, (017) 395-44-47.

МУЗЫЧНА-ПАЭТЫЧНАЯ ПРАГРАМА

18:00 – 18:30 Урачыстае адкрыццё акцыі “(Не) ноч у музеі”. Выступленне вучняў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Лакацыя: вестыбюль.

21:30 Канцэртная праграма “Ад слова жывога пачатак…”. Народны літаратурны тэатр “Жывое слова”. Лакацыя: Лекцыйная зала. Экспазіцыя “Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц…”

Квэст “Таямніцы літаратурнага”Лакацыя: усе экспазіцыйныя залы музея.

Павандруеце па літаратурна-музейнай краіне і разгадаеце ўсе сакрэты, што музей падрыхтаваў для вас. Наведаўшы ўсе экспазіцыі і адказаўшы на ўсе пытанні вы атрымаеце купон акцыі “Хадзем у музей!”, які дае зніжку 50% на наведванне мінскіх філіялаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Прыходзьце і праверце сваю кемлівасць і ўважлівасць.

АКТЫЎНАСЦІ ПА ЭКСПАЗІЦЫЯХ:

Гульня хадзілка “Звязка беларускіх казак”. Лакацыя: Экспазіцыйная зала, 1 паверх. Экспазіцыя “Мова хаты”.

Дзве каманды “Дабро” і “Зло” паспаборнічаюць у веданні беларускіх народных казак:“Зайкава хатка”, “Піліпка-сынок”, “Залаты птах”, “Пшанічны каласок”, “Музыка-чарадзей”, “Каток – залаты лабок”, “Лёгкі хлеб”, “Ганарыстая варона”, “Сынок з кулачок”, “Жаронцы”, “Як кот звяроў напалохаў”, “Як курачка пеўніка ратавала”. Даведаецеся пра тое, як жылі нашыя продкі і ў якія гульні яны гулялі.

Прадугледжаны прагляд “чытанак-ліставанак” па беларускіх народных казках з запісаў Міхаіла Афанасьева “Шчасце і Няшчасце” і “Залатая шарсцінка”.

Акцыя “Дастаеўскія раскраскі”. Лакацыя: Экспазіцыйная зала №4. Міжнародная экспазіцыя“Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць”.

Свет Дастаеўскага звычайна ўспрымаецца ў прыглушаных, змрочных шэра-карычневых танах, але на самой справе ў творах Дастаеўскага пануе шмат красак. Яго Пецярбург не заўсёды пахмурны, яго героі апрануты ў касцюмы, якія адпавядаюць таму часу і, адпаведна, модзе, яны часта яркія і рознакаляровыя. Паспрабуйце самі ў гэтым пераканацца, расфарбоўваючы касцюмы пісьменніка і яго персанажаў паводле цытат з твораў Фёдара Міхайлавіча.

Інтэрактыўная праграма “Азбука Васі Вясёлкіна”. Флэшмоб “Вясёлкін у #літмузеі”. Лакацыя: Экспазіцыйная зала №7. “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт”.

У аснову інтэрактыўнай праграмы пакладзены аднайменны твор класіка беларускай дзіцячай літаратуры Васіля Віткі. Разам з Васем Вясёлкіным праверым наколькі ўважлівымі вы былі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Не пужайцеся, адзнакі ставіць не будем! Наведвальнікі з дзеткамі атрымаюць у падарунак часопісы “Вясёлка” і “Буся”.

Прыміце ўдзел у флэшмобе “Вясёлкін у #літмузеі”.

Умовы:

 – падпішыцеся на нас у сацыяльных сетках;

– зрабіце здымак з Васем Вясёлкіным;

– падзяліцеся ім на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках;

– не забудзьцеся адзначыць @bellitmuseum;

– пазначце хэштэг #літмузей;

– атрымайце прыз.

Экскурс “Васіль Быкаў. Справа аўтамабільная”. Лакацыя: “Зала №8. Пастаянная экспазіцыя “Беларуская літаратура. 50-70-я гг. ХХ стагоддзя”.

Вы даведаецеся пра народнага пісьменніка Беларусі яшчэ як пра мастака, пра апантанага аўтамабіліста, вандроўніка і чалавека з добрым пачуццём гумару і самаіроніяй. Самыя ўважлівыя слухачы атрымаюць падарунак – стыкерпак “Аўтамабіліст-вандроўнік Быкаў”. Групы будуць фарміравацца кожных 30 хвілін.

Занятак “Зрабі кнігу сваімі рукамі”. Лакацыя: Экспазіцыйная зала №9. Пастаянная экспазіцыя “Беларуская літаратура. 80-90-я гг. ХХ стагоддзя”.

Разам з незвычайным жыхаром музея – Мусеёнам – вы пазнаёміцеся з правіламі паводзін у музеі, з яго структурай, даведаецеся, які прадмет лічыцца экспанатам, як прадметы аб’ядноўваюцца ў калекцыі, а пасля зробіце самы папулярны экспанат літаратурнага музея – кнігу, якую аздобіце сваім фотаздымкам, выкананым у музейных інтэр’ерах.

Close Menu