14 верасня ў музеі “Беларуская хатка” адбылося мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю “сцежкі пісьменнікаў”, кожны крок па якой раскрывае гісторыю дома Савы Рэдзькі і яго славутых жыхароў. Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Зоська Верас, Уладзіслаў Галубок, Язэп Лёсік, Аркадзь Смоліч – гэтыя імёны беларускага адраджэння можна пабачыць на шыльдах, змешчаных на лавачках алеі.
Адкрыццё сцежкі было ўрачыстым і прыгожым. З прывітальным словам да гасцей звярнуўся дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў. Пра сваіх знакамітых продкаў распавялі Яфім Плаўнік (сын Змітрака Бядулі) і Вольга Дашкоўская (сваячка М. Багдановіча).
Падчас тэатралізаванай літаратурна-музычнай кампазіцыі прысутныя атрымалі асалоду ад выканання песні “Па-над белым пухам вішняў” на словы славутага паэта М.Багдановіча, а пасля адправіліся па сцежцы разам з героямі імпрэзы, спыняючыся каля кожнай лаўкі. Так госці мерапрыемства мелі магчымасць злучыць мінулае з сучасным, пачуўшы вершы, урыўкі з твораў і лістоў літаратараў “Беларускай хаткі” ў выкананні студэнтаў БДУКіМ.
Працягам імпрэзы стаў агляд літаратурна-дакументальнай выставы, экскурсія і батлеечны спектакль.