У суботу, 8 чэрвеня, у вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна адшумеў фестываль “Цімкавіцкія вытокі”. Ужо трэці год запар Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ладзіць яго на тэрыторыі філіяла “Літаратурны музей Кузьмы Чорнага” і прылягаючых тэрыторыях, сумесна з Капыльскім райвыканкамам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі.
Праграма літаратурна-музычнага свята атрымалася як заўжды разнастайнай і насычанай. Ужо традыцыйнымі яе складнікамі сталі ўшанаванне памяці загінулых воінаў 17-га пагранічнага атрада, малебен у храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, тэматычны радыёканцэрт. Сёлета ў афіцыйную частку мерапрыемства ўвайшла таксама пасадка туй у азнаменаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Эпіцэнтрам святочнага дзеяння была галоўная сцэна. Пасля вітальных слоў арганізатараў на сцэне адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Родныя мае мясціны”, прысвечанага дню нараджэння Кузьмы Чорнага і 80-годдзю вызвалення Беларусі. Хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты, якія сталі лепшымі ў творчым спаборніцтве, атрымалі дыпломы і падарункі ад Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пасля чаго на галоўнай пляцоўцы свята разгануўся вялікі канцэрт. З музычна-паэтычнай праграмай выступілі калектывы мастацкай самадзейнасці Капыльскага раёна. Яркую праграму прадставіў народны вакальны ансамбль Старобінскага раёна “Вясёлы балаган”. Хэдлайнерам жа свята стаў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь вакальная група “Чысты голас”. Артысты папулярнага ансамбля прадэманстравалі свае незвычайныя вакальныя таленты ў шырокім жанравым дыяпазоне: класіка і фальклор, духоўная і эстрадная музыка, рамансы і сучасная аўтарская песня. Цімкаўляне і прыезжыя госці свята горача віталі ўсіх выступоўцаў, падтрымліваючы іх танцамі і шчодрымі авацыямі.
Тым часам аматары актыўнага адпачынку гуртаваліся на музейнай пляцоўцы. Тут можна было папрактыкаваць сваё чыстапісанне на майстар-класе па каліграфіі, зрабіць сваімі рукамі традыцыйную беларускую ляльку, сувенірны магніт або кніжную закладку. Дарослыя і дзеці з задавальненнем гулялі ў музейныя гульні “Азбука гарадоў” і “Нізка беларускіх казак”, дэманструючы добрыя веды ў краязнаўстве і вуснай народнай творчасці. Многія спрабавалі свой шанцунак у бяспройгрышнай разыгранцы і атрымлівалі цудоўныя падарункі – ад кішэннага календара да кубка з выявай Кузьмы Чорнага.
У самім музеі Кузьмы Чорнага было не менш цікава. Падчас экскурсій па экспазіцыі наведвальнікі мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з асобай пісьменніка, а некаторыя – адкрыць упершыню. Не абыйшлося без традыцыйнага “чаявання каля самавара Кузьмы Чорнага”. Духмяная гарбата з цімкавіцкім печывам спрыяла гасціннай атмасферы і, напэўна, для многіх стала адным з самых цёплых момантаў свята.
Акрамя таго, у адной з музейных залаў была арганізавана “Літаратурная гасцёўня”, дзе перад публікай выступілі запрошаныя пісьменнікі – Леанід Крыванос, Рагнед Малахоўскі, Аляксандр Быкаў, Тамара Бярэзіна, Таццяна Яцук і інш.
Мноства цікавостак можна было пабачыць і проста прайшоўшы па вуліцы Слуцкай. Тут працавалі тэматычныя пляцоўкі ўстаноў культуры і грамадскіх аб’яднанняў, выставы, фотазоны. На кірмашы майстроў народнай творчасці можна было набыць арыгінальныя сувеніры і ўпрыгожанні. На выставах сельскагаспадарчых арганізацый Капыльскага раёна – пачаставацца стравамі беларускай кухні.
Карацей, свята атрымалася яскравым, вясёлым і запамінальным. З году ў год “Цімкавіцкія вытокі” сталеюць і набіраюць папулярнасць у рэгіёне. Спадзяемся, не за гарамі той час, калі фестываль зможа вырасці па памерах і значнасці да сапраўднага культурнага брэнду Міншчыны.