24 чэрвеня, у дзень нараджэння пісьменніка Кузьмы Чорнага, у яго роднай вёсцы Цімкавічы на Капыльшчыне прайшло лiтаратурна-музычнае свята “Цiмкавiцкiя вытокi”.
Насычаная, яскравая праграма мерапрыемства сабрала мноства гасцей з усёй Міншчыны.
На галоўнай сцэне адбылося ўзнагароджанне пераможцаў творчага конкурсу “Кожны чалавек – гэта цэлы свет” паводле творчасці Кузьмы Чорнага.
Вялікую канцэртную праграму прадставіў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”. Таксама горача віталі гледачы і калектывы мастацкай самадзейнасці Капыльскага раёна. Атрымаць асалоду ад пагружэння ў свет прафесійнага тэатра можна было падчас выступлення Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, які бліскуча прадставіў спектакль “Беларускія вадэвілі”.
Акрамя галоўнай сцэны, дзейнічала мноства іншых цікавых лакацый, дзе цімкаўляне і госці свята з задавальненнем бавілі час. Так, у Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага праходзілі экскурсіі з чаяваннем і адбываліся батлеечныя прадстаўленні. На прылягаючай тэрыторыі праводзіліся мовазнаўчыя і краязнаўчыя гульні, разыгранкі, ладзіліся займальныя майстар-класы, дзе кожны жадаючы мог уласнаручна зрабіць фірменны цімкавіцкі сувенір.
У парку адпачынку праходзілі літаратурныя чытанні “Арт-фэст”, дзейнічала фотагалерэя “Новы позірк”, а таксама іншыя тэматычныя і інтэрактыўныя лакацыі для дзяцей і дарослых.
Свята “Цiмкавiцкiя вытокi” праходзіла ўжо ў другі раз. Па тым, як расце яго поспех і папулярнасць, відаць, што на Капыльшчыне з’явіўся свой мясцовы культурны брэнд.