Мемарыяльны музей Максіма Багдановіча “Беларуская хатка” ў рамках акцыі “Ноч музеяў” запрашае на мерапрыемства “Музыка кветак”, якое адбудзецца 18 мая 2024 года. Пачатак у 16:00.
Ласкава запрашаем усіх, хто жадае патрапіць у чароўную атмасферу музейнай ночы!
Госці святочнага мерапрыемства змогуць перанесціся ў Мінск пачатку XX стагоддзя, пазнаёміцца з багатай гісторыяй нашага ўтульнага дома, даведацца каму ён належыў і зазірнуць у самае сэрца музея – мемарыяльны пакой Максіма Багдановіча.
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.
Паэт Максім Багдановіч у сваіх вершах, у тым ліку ў знакамітых «Слуцкіх ткачыхах», апеў сціплую і ў той жа час неверагодна абаяльную кветку – васілёк як сапраўдны сімвал зямлі беларускай.
Наведвальнікі мерапрыемства змогуць прыняць удзел у майстар-класе па вырабе васількоў з паперы і нітак, даведацца цікавыя факты аб гэтай расліне, паслухаць прыгожыя вершы і паўдзельнічаць у адгадванні загадак.
Музычная старонка імпрэзы будзе прадстаўлена выступленнем студэнцкага хору “Vivo vox” (мастацкі кіраўнік – Вольга Дубатоўская).
А таксама госці пазнаёмяцца з цікавымі батлеечнымі інтэрмедыямі з жыцця ХІХ стагоддзя, якія звяртаюць нас да вытокаў прафесійнага беларускага тэатра.
Квіткі:
дашкольнікі – бясплатна;
школьнікі, студэнты – 3,00 руб.; дарослыя – 6,00 руб.
Чакаем па адрасе: г.Мінск, вул.Рабкораўская, 19 (ст.м. “Інстытут культуры”).
Тэл. +375 (17) 375-52-13