Пост-рэліз
музычна-паэтычнай вечарыны
“Элегія. Песні над Віліяй”
31 кастрычніка адбылося сумеснае мерапрыемства Народнага калектыву аўтарскай песні “Элегія” (г. Вілейка) і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – музычна-паэтычнай вечарыны “Элегія. Песні над Віліяй”.
Удзельнікі калектыву – лаўрэаты і дыпламанты міжнародных рэспубліканскіх і абласных фестываляў. Ансамбль аўтарскай песні “Элегія” удзельнік міжнародных фестываляў у Германіі, Літве, Расіі, Польшчы, рэспубліканскіх святаў, прысвечаных Дню пісьменства, Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2016”.
Вядучая вечарыны, кіраўнік ансамбля Таццяна Мікалаеўна Захарыч, адзначыла, колькі таленавітых людзей звязаны з Вілейшчынай. Гэта і дырыжор, педагог, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец; і піяніст, педагог, заслужаны артыст Беларуі Юрый Фёдаравіч Корсак, пісьменнікі Ігнацій Ходзька, Уладзімір Дубоўка, Ганна Новік, Змятрок Бядуля, Наталля Арсеннева. Літаратар Іна Фралова, якая нарадзілася ў Мінску, але лічыць сваёй радзімай Вілейшчыну, вёску Шыпкі. Паэтка прачытала свой пераклад на беларускую мову верша Андрэя Фралова, радкі якога атаясамлівае з роднай вёскай. У выкананні калектыву “Элегія” прагучала песня на верш Іны Фраловай “Светлае слова”.
Сёлета споўнілася б 85 гадоў паэту з Вілейшчыны Івану Лашутку, землякі ўшаноўваюць памяць аб ім. Пра сяброўста з Іванам Лашуткам распавёў артыст, рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі, прачытаў яго верш “Горад над Віліей” і ўрывак з апосці “Праводзіны”. У выкананні Таццяны Захарыч і Алега Вінярскага прагучала літаратурна-музычная кампазіцыя па вершах Івана Лашуткі.
Народны калектыў аўтарскай песні “Элегія” штогод распрацоўвае і ладзіць культурныя праекты: “Незабыўныя імёны Вілейшчыны”, “Званы памяці” і інш.
У выкананні Валянціны Цітовіч прагучала літаратурна-музычная кампазіцыя “Лісткі з паходнага сшытка” па пісьмах, дзённіках, вершах удзельнікаў Першай Сусветнай вайны князёў Уладзіміра Палея, Васіля Сумбатава, паэтаў Іллі Эрэнбурга, Мікалая Гумілёва, пісьменніка Валянціна Катаева.
Напраканцы імпрэзы акцёр Алег Вінярскі прачытаў верш Янкі Купалы “Бацькаўшчына”.
Неверагодна важную справу робіць ансамбль “Элегія”, які сваёй творчасцю абуджае душу слухачоў, не дае забыць імёны тых, хто ствараў гонар і славу Вілейскага крю.
Вядучы навуковы супрацоўнік Вольга Шаўчэнка