Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Музейны ўрок, або Думы і мары нашых класікаў

Матэрыял https://nastgaz.by/muzejny-urok-abo-dumy-i-mary-nashyh-klasikau/

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ладзяць дзве юбілейныя выставы: адна прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння Міхася Лынькова, а другая — да 95-годдзя Васіля Быкава. Наведванне экспазіцый стане выдатным дапаўненнем да ўрокаў па літаратуры, бо, па-першае, у час экскурсій вучні не проста знаёмяцца са старонкамі жыцця і творчасці знакамітых пісьменнікаў, але і даведваюцца пра розныя цікавыя факты, якіх няма ў школьных падручніках. А па-другое, з дапамогай экспазіцый і цікавага аповеду супрацоўнікаў музея можна, так бы мовіць, перанесціся ў часе і прасторы ды пабываць у розных перыядах ХХ стагоддзя, паглядзець, а іншы раз і дакрануцца да асабістых рэчаў нашых класікаў, пагартаць іх нататнікі і пачытаць пісьмы сябрам ды калегам.

kotukng-1

Душэўны пісьменнік Лынькоў

“Добры дзень! Як ваш настрой? Ці гатовы вы бліжэй пазнаёміцца з пісьменнікам Міхасём Лыньковым?” — такімі словамі пачынаецца экскурсія па літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Міхась Лынькоў: “…мой жыццёвы і творчы шлях”. Дарэчы, назву выставе даў сам пісьменнік. У канцы пашыранай аўтабіяграфіі “З родных крыніц” ён напісаў: “Вось коратка мой жыццёвы і творчы шлях. Многім, што было напісана мной у ранейшыя гады, я не задаволены цяпер і расцэньваю некаторыя творы як вучнёўскія спробы”. Чаму так крытычна ставіўся пісьменнік да сябе і сваіх твораў — адказ часткова дае экспазіцыя, на якой прадстаўлены матэрыялы з архіва класіка, што сёння захоўваюцца ў фондах музея. Сярод іх — арыгінальныя фотаздымкі розных гадоў, рукапісы, нататнікі, дакументы, асабістыя рэчы, часопісы, якія пераносяць нас у той час, калі жыў і працаваў Міхась Лынькоў. Таксама прадстаўлены галоўны вынік творчай працы любога пісьменніка — яго кнігі: “Векапомныя дні”, “Гой”, “На чырвоных лядах”, “Пра смелага ваяку Мiшку i яго слаўных таварышаў”, “Андрэй Лятун”, “Астап”, “Сустрэчы”, “Ядвісін дуб”, “Міколка-паравоз” і іншыя.

“Усе экспанаты важныя і цікавыя, але найбольш значныя, на мой погляд, нататнікі пісьменніка, якія ён вёў усё жыццё, — расказвае загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея Эліна Свірыдовіч. — Нататнікі пакуль яшчэ не расчытаныя, і мы запрашаем даследчыкаў прыйсці ў нашы фонды і папрацаваць з імі. Выклікаюць ціка­васць і асабістыя рэчы Лынькова: кашуля, партсігар, люлька, партфель, акуляры, ручнік, кіёчак і  самае каштоўнае — выданні 20—30-х гадоў, адно з якіх — “Гой”.

Нядзіўна, што экспазіцыя карыстаецца папулярнасцю. Настаўнікам яна дапамагае пазнаёміць вучняў з біяграфіяй пісьменніка. А юныя наведвальнікі калі і не запомняць усе факты з жыцця класіка, то дакладна будуць згадваць, як выглядалі яго асабістыя рэчы і першыя выданні любімых імі кніг.

kotukng-4

“Глядзі, якой раней была кніга “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”, а вунь і “Міколка” стаіць”, — ціхенька перашэптваюцца сталічныя вучні. “Ой, а якія раней былі смешныя акуляры, а тэлефон, друкаваная машынка!” — не перастаюць здзіўляцца хлопчыкі, якія больш увагі звяртаюць на прадметную частку экспазіцыі. Дзяўчынкі, напэўна, выдатніцы, не проста слухаюць, а яшчэ і запісваюць на дыктафон усё, што расказвае экскурсавод, каб пасля падрыхта­ваць сачыненне пра пісьменніка. Сямікласніца сярэдняй школы № 118 Мінска Яна Каляда рэзюмуе: “Міхась Лынькоў — душэўны пісьмен­нік, які шмат напісаў і для дзяцей, і для дарослых. Яго творы сёння сталі больш зразумелымі, бо нам падрабязна расказалі, у які час ён іх пісаў і што яго натхняла, — гаво­рыць дзяўчынка. — Больш за тое, мне падаецца, я нават сваім дзецям буду пераказваць тое, што зараз пачула, і абавязкова прывяду іх у музей”.

Аўтограф Быкава як старонка жыцця

На другім паверсе музея праводзіцца часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця…”, якая раскрывае старонкі жыцця знакамітага пісьмен­ніка праз аўтографы на кнігах, што ён дарыў сябрам, калегам, знаёмым: Лідзіі Арабей, Аляксею Карпюку, Івану Чыгрынаву, Алесю Адамовічу, Рыгору Барадуліну, Гена­дзю Бураўкіну і іншым.

kotukng-3

Спецыяльна для карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” правяла экскурсію старшы навуковы супрацоўнік музея Алена Канапацкая. “Сёння мы будзем знаёміцца з сябрамі Васіля Быкава. А першым сябрам яго было што? — пытаецца Алена. — Канечне, кніга. Васіль Быкаў яшчэ зусім маленькім пачаў сябраваць менавіта з кнігай, прачытаў усе тамы “Войны и мира”, нават пераклаў твор Жуля Верна на беларускую мову і даслаў яго ў часопіс “Беларускі піянер”. Але яму адказалі, што ўсе добра ведаюць рускую мову і ніякай патрэбы ў гэтым перакладзе няма. Так праца хлопчыка, які спісаў некалькі дзясяткаў школьных сшыткаў, аказалася нікому не патрэбнай”, — пачалося наша знаёмства з экспазіцыяй.

Кожная кніга ў жыцці пісьменніка — гэта вяха ў яго творчасці. Кожны аўтограф, якіх больш за 50, а многія з іх прадстаўлены ўпершыню, — гэта старонка ў асабістым жыцці чалавека Васіля Быкава. Амаль ва ўсіх вітрынах ёсць апошняя прыжыццёвая кніга “Доўгая дарога дадому”, якую ён падпісаў кожнаму свайму сябру. “Быкаў хацеў, каб у іх засталася кніга яго жыцця, — адзначае Алена Канапацкая. — Аўтографы — гэта асабістае стаўленне да той ці іншай асобы: ці то беларускага пісьменніка, ці то грамадскага дзеяча, кампазітара. Пісьмен­нік асабліва сябраваў з Яўгенам Глебавым і Ігарам Лучанком. Глебаў паставіў балет “Альпійская балада”, а з Лучанком сябравалі, бо лецішчы былі вельмі блізка”. І такія факты абавязкова застануцца ў памяці школьнікаў. Ці, напрыклад, сярод подпісаў можна ўбачыць адрасаваны Лідзіі Арабей: “Рэдактару гэтай кніжкі, першаму чытачу і крытыку, шаноўнай Лідзіі Львоўне, са шчырасцю і ўдзячнасцю”. І адразу зразумела, наколькі цёплыя адносіны паміж імі былі.

kotukng-2

Васіль Быкаў заўсёды падбіраў кожнае слова для подпісу кнігі, бо гэта былі не проста словы ці стандартныя пажаданні. Такім чынам ён кожнаму чалавеку выказваў сваё стаўленне да яго і яго творчасці, таму выстава раскрывае Быкава і як чалавека, і як простага чытача. “Калі ён сябраваў, то заўсёды гаварыў тое, што думаў і што было на душы, — гаворыць экскурсавод. — Школьнікам цікава прачытаць і па­чуць, якія ж стасункі і сувязі былі паміж пісьменнікамі таго часу — Быкавым і Караткевічам, Барадуліным, Бураўкіным, Панчанкам, Адамовічам… Усіх іх яны ведаюць, але звычайна для іх адкрыццё, што гэтыя аўтары былі не паасобку, а ў агульнай літаратурнай кагорце, сябравалі і вучыліся разам”.

Голас Талстога і лекцыя пра Бабарэку

Гэтымі днямі ў музеі можна азнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам не толькі Міхася Лынькова і Васіля Быкава, але і Льва Талстога ды Адама Бабарэкі. Так, на літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Каўказскія творы Л.М.Талстога” з дапамогай ілюстрацый Вольгі Граблеўскай можна даведацца, якія творы напісаны знакамітым рускім пісьменнікам, а яшчэ, што асабліва неверагодна, пачуць яго голас і пасланне будучым пакаленням, дзякуючы запісу з фондаў Дзяржаўнага мемарыяльнага і прыроднага запаведніка “Музей-сядзіба Л.М.Талстога “Ясная Паляна”.

А пра паэта, празаіка, літаратуразнаўца, крытыка, аднаго з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша” Адама Бабарэку можна пачуць на лекцыі 30 кастрычніка. Мерапрыемства адбудзецца ў рамках сумеснага з Нацыянальнай бібліятэкай, Дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які прысвечаны сябрам “Маладняку” — літаратарам міжваеннага часу 20—30-х гадоў ХХ ст.

kotukng-5

“Наш аўтарскі праект чатырох устаноў культуры — доўгатэрміновы, ажно да 2023 года, у якім мы адзначым 100-годдзе “Маладняку”, — расказала Эліна Свірыдовіч. — Мы ладзім імпрэзы і выставы пра яго ўдзельнікаў, тым самым працягваем зафарбоўваць белыя плямы не столькі ў свядомасці даследчыкаў, колькі грамадскасці, бо вельмі важна, каб усе беларусы ведалі, што гэта было за аб’яднанне і хто ўваходзіў у яго склад”.

Гісторыя ў асобах і творах

Дарэчы, сам Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры хутка адзна­чыць дзень нараджэння — 6 лістапада яму споўніцца ні многа ні мала 32 гады. Яго фонды налічваюць больш за 60 тысяч унікальных прадметаў. Сярод найбольш значных па колькасці і адметнасці персанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменнікаў Быкава, Віткі, Дуніна-Марцінкевіча, Караткевіча, Крапівы, Лынькова, Чыгрынава, Шамякіна, Барадуліна і іншых. Рарытэтамі з’яўляюцца рукапісныя кнігі і старадрукі ХVІІ—ХVІІІ стст., прыжыццёвыя выданні, рукапісы, асабістыя рэчы класікаў беларускай літаратуры ХІХ—ХХ стст., каштоўныя выданні і перавыданні пачатку мінулага стагоддзя, кнігі з аўтографамі, экслібрысы, рэдкія адзінкі іканаграфіі, партрэты беларускіх пісьменнікаў, ілюстрацыі вядомых айчынных мастакоў да літаратурных твораў.

“Хоць нашаму музею больш за 30 гадоў, пастаянная экспазіцыя з’явілася не так даўно і размешчана ў дзвюх залах, у якіх можна даведацца пра ўзнікненне пісьменства, прасачыць станаўленне і развіццё беларускай літаратуры да канца ХХ стагоддзя, — адзначыла загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея. — А яшчэ размешчаны вялізны спіс рэабілітаваных пісьменнікаў. Акрамя таго, у нас пералічаны ўсе паэты і пісьменнікі з ганаровым званнем “народны”, што давалася на працягу 70 гадоў — з 1925 па 1995”. Калекцыя музея — гэта беларуская гісторыя ў асобах і творах. “Літаратура заўсёды адлюстроўвае гісторыю, таму наш музей як самае буйное аб’яднанне літаратурных музеяў займае роўнае месца з нацыянальнымі. А нашы экспанаты вартыя ўвагі кожнага белару­са!” — падкрэсліла Эліна Свірыдовіч.

Атрымаць веды і натхненне

Пасля экскурсіі, застаўшыся сам-насам з экспанатамі і яшчэ раз перагледзеўшы іх, пачынаеш уяўляць, як жылі, пра што думалі і  марылі нашы знакамітыя пісьменнікі. Здаецца, вось-вось хтосьці з іх выйдзе з адной залы і пойдзе ў іншую, дзе ўжо астатнія пра штосьці палымяна гавораць. Калі прыслухацца, то пачуеш — пра родную Беларусь. Настаўнікам добра было б прывесці сюды сваіх вучняў, якія калі не адразу, то з часам ацэняць і зразу­меюць тое, што ўбачаць і пачуюць, а яшчэ ўсе яны атрымаюць порцыю натхнення, якое літаральна лунае ў паветры.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Close Menu