24 сакавіка 2021 г. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага анлайн-конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”, прысвечанага 120-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Дубоўкі.
Ініцыятарам і арганізатарам анлайн-конкурсу выступіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў межах сумеснага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, партнёрам якога з’яўляецца Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
Анлайн-конкурс чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына” ўражвае і колькасцю ўдзельнікаў, якія даслалі свае відэа (870 чалавек), і ўзроставым дыяпазонам выканаўцаў (ад 5 да 80 гадоў), і якасцю выканання твораў Уладзіміра Дубоўкі, што сведчыць аб зацікаўленасці творчасцю класіка беларускай літаратуры.
Музей далучыўся да цырымоніі ўзнагароджання і абраў пераможцаў у наступных намінацыях:
- «За творчы падыход і мастацкае выкананне вершаванай казкі Уладзіміра Дубоўкі “Як сінячок да сонца лётаў”» – вучні Бараўлянскай гімназіі Астаповіч Арсеній, Прыбыш Захар, Сасноўскі Раман, Жырны Цімур;
- «За пранікнёнае мастацкае выкананне верша Уладзіміра Дубоўкі “Хадзілі, таварыш, з табой мы”» – вучаніца гімназіі № 4 г. Мінска Мурманцава Ульяна.
Дыпломы і памятныя падарункі ад Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ўручылі дырэктар Сяргей Усік і загадчык навукова-асветніцкага аддзела Эліна Свірыдовіч.
Зычым усім, хто далучыўся да анлайн-конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”, поспехаў і далейшых адкрыццяў у цудоўным свеце беларускай літаратуры.
З творчымі працамі ўдзельнікаў можна азнаёміцца ў суполцы “О, Беларусь, мая шыпшына” на Facebook, а таксама ў адмыслова створаным плэй-лісце на платформе YouTube.
