12 студзеня 2023 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры наведаўся да падапечных Мінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і Дзіцячай вёскі “Вытокі”. Выхаванцы ўстаноў – дзеці-сіроты, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне або засталіся без апекі бацькоў.
Імкнучыся падтрымаць увагай і цяплом хлопчыкаў і дзяўчынак, якім лёс не наканаваў зведаць усю радасць і бесклапотнасць дзяцінства, супрацоўнікі музея ахвотна далучыліся да навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Для дзяцей было арганізавана чароўнае батлеечнае прадстаўленне, а таксама цікавыя музейна-педагагічныя заняткі. Малодшым быў прапанаваны занятак “Сам зраблю батлеечную ляльку”, падчас якога яны з захапленнем рабілі сімпатычных папяровых лялек-анёльчыкаў і спрабавалі сябе ў ролі батлейшчыкаў. А старэйшыя з цікавасцю паглыбляліся ў творчы літаратурны працэс, як сапраўдныя пісьменнікі працавалі за друкаркай.
Усе ўдзельнікі святочнай сустрэчы атрымалі салодкія пачастункі ад партнёраў музея – кандытарскіх фарбык “Спартак” і “Красный пищевик”, якія падчас зімовых свят дапамагаюць музею рабіць добрыя і важныя справы.
Запыталіся ў дзетак пра іх уражанні:
Дзіма: “Сёння ўпершыню я пабачыў батлейку і нават паспрабаваў сябе ў ролі батлейшчыка. Я іграў за добрага анёла і злога салдата адначасова – было цікава”.
Маша: “Я зрабіла батлеечную цацку і яна застанецца ў мяне на памяць. Я добра запомніла, што і як, таму навучу рабіць такую ж сваю сяброўку”.
Ульяна: “Мне спадабалася працаваць за друкарскай машынкай. Я напісала: “Я люблю маму, а мама любіць мяне”. Атрымалася прыгожа і незвычайна”.
Лёша: “Больш за ўсё мне спадабалася рабіць анёла. Я зрабіў добрага анёла, які можа выконваць жаданні”.
Шчыра зычым нашым юным сябрам, каб усе іх жаданні здзейсніліся як мага хутчэй!