Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Міхасю Чароту – 125

Уладальнік пасведчання за нумарам 1 літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Аўтар твора, які стаў асновай для першай беларускай кінастужкі “Лясная быль”. Міхась Чарот.

7 лістапада яго зорцы на літаратурным небасхіле споўніцца 125.

Паходзіў з вясковай сям’і: адсюль дзедава прозвішча – Кудзелька. Сам жа абраў прафесію настаўніка. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У гэты ж час з’явіліся першыя паэтычныя спробы, якія, на жаль, не захаваліся. Пасля эвакуацыі ў Смаленск, вайсковай службы, рэвалюцыйнага ліхалецця вярнуўся ў Мінск, дзе і пачаў настаўнічаць.

У 1923 годзе актыўна ўдзельнічаў у стварэнні літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Даследчыкі называюць Міхася Чарота адным з лідараў беларускай савецкай літаратуры 20-х гадоў. Яго творчасць адбіла ў сабе рамантычныя парывы, супярэчнасці і вялікія ілюзіі свайго часу. Ацэнка творчасці Міхася Чарота сярод сучаснікаў ніколі не была адназначнаю. Адны крытыкавалі за гіпербалічнасць, невыразнасць зместу, іншыя ўхвалялі яго паэтычны талент. У вершах і патрыятычныя, і рэвалюцыйныя, і жыццёва-побытавыя, і філасофскія  матывы.

Усе гэтыя несупадзенні адбіліся на з’яўленні ў друку адных твораў і неўключэнні ў зборнікі – другіх. Прыклад такога твора – паэма “Карчма”. У фондах нашага музея захоўваецца яе выданне 1926 года з асабістай бібліятэкі У.Жылкі. А ў зборах твораў Чарота 30-80-х гадоў яе ўжо не знайсці.

Паспеўшы ў 20-я гады зрабіць выдатную прафесійную літаратурную кар’еру (рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”,  рэдактар двухтыднёвіка “Чырвоная Беларусь”), у 1937 г. патрапіў пад махавік рэпрэсіўнай машыны. І яго апошні верш “Прысяга”, напісаны на турэмных сценах, захаваўся толькі ў памяці М.Хведаровіча.

У нашым музеі захоўваецца ручнік, альбом, што належалі пісьменніку, прывезеная з Крыму ракушка, а таксама некалькі дзясяткаў кніг розных гадоў. Кожны з прадметаў мае за сабой багатую гісторыю і распавесці можа нямала.

Завітвайце ў музей знаёміцца з літаратарамі, іх творамі і музейнымі скарбамі!

Close Menu