Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Мерапрыемства “Веліч спадчыны і гонар літаратуры”

20 лістапада 2019 г. а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на мерапрыемства “Веліч спадчыны і гонар літаратуры”, у рамках якой адбудзецца прэзентацыя ўнікальных выданняў – кніг беларускага гісторыка, пісьменніка і перакладчыка Юрыя Кур’яновіча пра старажытныя і загадкавыя Лошыцу і Тураў, і пра выдатнага ўкраінскага літаратара, навукоўца-хіміка, педагога, да таго ж аднаго з першых украінскіх авіятараў – Пятра Франко (1890 – 1941).

Лошыцкая сядзіба – адзін з самых унікальных гісторыка-культурных аб’ектаў на карце Мінска. У кнізе Юрыя Кур’яновіча “СТАРАСВЕЦКАЯ ЛОШЫЦА” прадстаўлена не як толькі гістарычны помнік, але і як своеасаблівы “партал у часе”, трапіўшы ў які можна апынуцца ў ХІХ ці XVIII стагоддзі, паблукаць па старадаўніх алеях і адчуць маляўнічую прывабнасць і займальнасць беларускіх паданняў і легендаў.

З Лошыцай звязаны імёны вядомых грамадскіх дзеячоў, прадстаўнікоў культуры і навукі, сярод якіх: класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, кампазітар Станіслаў Манюшка, сусветна вядомы навуковец Мікалай Вавілаў, слынныя айчынныя селекцыянеры Аляксей і Эма Сюбаравы, Анатоль Валузнёў, прадстаўнікі шляхетных родаў Друцкіх-Горскіх і Прушынскіх.

У “Старасвецкай Лошыцы” ўпершыню прадстаўлена фотакопія невядомага дагэтуль аўтографа Янкі Купалы, знойдзенага аўтарам падчас працы над кнігай.

Спадчыне нашай краіны прысвечана і кніга Ю.Кур’яновіча “ТУРАЎ. СТАРАЖЫТНЫ І СУЧАСНЫ”, што сёлета ўбачыла свет у старэйшым айчынным выдавецтве “Беларусь” у серыі “Падарожжа па родным краі”.

Аўтар даўно і шчыра захоплены як маляўнічай прыродай Тураўшчыны, так і гісторыяй даўно мінулых дзён. Гэтае непадробнае, негульнявое захапленне патрыёта Бацькаўшчыны выяўляецца ў ягоных дзеяннях па аднаўленні духоўна-культурнага асяроддзя Палесся. Сёння шматлікае паломніцтва ў таямнічыя мясціны краю нікога не здзіўляе. Незвычайны куточак наведваюць не толькі беларусы, але і замежныя госці. Напрыканцы 1990-х Юрый Кур’яновіч першым пачаў расказваць на старонках рэспубліканскіх выданняў пра загадкавасць крыжа на Барысаглебскіх могілках Турава, які вырастае з зямлі і стаў адным са знакавых турыстычных і рэлігійных аб’ектаў.

Каб заінтрыгаваць чытача, непасрэдны аповед аўтар кнігі пачынае з таго месца, дзе б’ецца сэрца палескага краю. Гэта поўдзень краіны, паэтычнае ўзбярэжжа неўтаймавана-наравістай Прыпяці. Тут, сярод балотных капішчаў, старажытных славянскіх паселішчаў і рэшткаў першых хрысціянскіх храмаў, і “прапісаўся” легендарны Тураў – рэліктавая скарбонка беларускай этнаграфіі. Нават сёння, падкрэслівае аўтар, гэтая зямля для многіх нашых суайчыннікаў – tеrrа іnсоgnіtа.

Выдатнаму прадстаўніку галіцкай інтэлігенцыі Пятру Франко прысвечана кніга “ПЯТРО ФРАНКО. АВІЯТАР, ХІМІК, ЛІТАРАТАР” (Мінск, 2019). Акрамя нарыса пра яго жыццё і дзейнасць у выданні змешчаны асобныя літаратурныя творы П.Франко, у тым ліку яго ўспаміны пра бацьку “Іван Франко зблізу”, дзе між іншым згадваецца, што вялікі ўкраінскі пісьменнік сярод шматлікіх моў ведаў і беларускую. У беларускім перакладзе, зробленым Ю.Кур’яновічам, творы П.Франко друкуюцца ўпершыню. Кніга была цёпла сустрэта творчай грамадой на радзіме П.Франко, прадстаўнікі якой адзначылі, што яна з’яўляецца падзеяй ў франказнаўстве і будзе спрыяць узмацненню ўкраінска-беларускіх культурных сувязей.

Чакаем 20 лістапада 2019 г. у 17.00 па адрасе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, вул. М.Багдановіча, 13

Кантактны тэлефон: (17) 335-44-47

Афіша

 

Close Menu