Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Мерапрыемства “Сведка эпохі”

15 студзеня 2020 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры правёў мерапрыемства “Сведка эпохі”, прымеркаванае да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Міколы Аўрамчыка.

Імпрэза праходзіла ў рамках музейнага праекта “Дыяменты прыгожага пісьменства”.

Мікола Якаўлевіч Аўрамчык (1920–2017) прайшоў вайну, палон, савецкія фільтрацыйныя лагеры і прымусовую працу на шахтах Рура і Данбаса. Ды не азлобіўся, не зламаўся, вярнуўся да дзяўчыны, якая чакала яго больш за восем гадоў. Разам яны стварылі цудоўную сям’ю, выхавалі трох дачок – Святлану, Ірыну, Наталлю. Дочкі пісьменніка, іх нашчадкі і іншыя сваякі пісьменніка сталі галоўнымі рухавікамі імпрэзы “Сведка эпохі”.

Як адзначыла малодшая дачка творцы Наталля, амаль усю лірыку, якую за доўгія дзесяцігоддзі напісаў і выдаў Мікола Аўрамчык, ён прысвяціў сваёй жонцы.

На імпрэзе сваякі пісьменніка ўрачыста перадалі Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры асабістыя рэчы Міколы Аўрамчыка і шэраг кніг з яго дарчымі подпісамі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава, якая прадставіла прысутным відэапрэзентацыю з эксклюзіўных дакументаў, датычных працы М. Аўрамчыка ў гэтым часопісе; сябры і калегі творцы – пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Генрых Далідовіч, Васіль Зуёнак, Казімір Камейша, заснавальнік фальклорнага гурта “Ліцвіны” Уладзімір Бербераў.

Close Menu