Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Мастацкая выстава “Згукі Бацькаўшчыны”

Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,

Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,

Чую ў цішы, як расце трава.

М. Багдановіч

Летам 1911 года малады беларускі паэт Максім Багдановіч упершыню пасля доўгага растання наведаў радзіму, летнія месяцы правёў ён у фальварку “Ракуцёўшчына”. За два месяцы М.Багдановіч напісаў два цыклы вершаў і дзве паэмы, якія сталі падмуркам першага і адзінага зборніка вершаў “Вянок” (Вільня, 1913 год). Гэты час стаў вельмі плённым для паэта, які шукаў натхнення ў вобразах роднай прыроды, беларусах, якія жылі побач з ім. Сваімі вершамі М.Багдановіч нагадваў пра адзінства чалавека і прыроды, вучыў бачыць яе прыгажосць, жыць “з прыродай зліўшыся душой”.

Пейзажная лірыка Максіма Багдановіча не пакідае абыякавым ніводнага чалавека, асаблівае ўздзеянне аказвае яна на людзей творчых. Вершаваныя замалёўкі квітнеючай вясны, спякотнага лета альбо першых халадоў не раз станавіліся крыніцамі натхнення для беларускіх мастакоў. Жывапісцы і графікі, скульптары і стваральнікі твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва спрабавалі ўвасобіць свае пачуцці ад прачытання вершаў беларускага генія. Многія творцы выпраўляліся ў падарожжа па беларускіх шляхах Максіма Багдановіча, наведвалі Ракуцёўшчыну і яе маляўнічыя ваколіцы.

Фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваюць шмат каштоўных матэрыялаў, у тым ліку і мастацкіх работ. Жывапісныя палотны, як і вершы М.Багдановіча, не толькі дэманструюць прыгожыя краявіды беларускай прыроды. Творы трэба разглядаць значна шырэй, як жаданне перадаць гармонію чалавека і прыроды, адчуванне плыннасці часу, уменне прыкмеціць прыгажосць, якая знікае ў імгненне вока, і занатаваць гэтае імгненне для будучых пакаленняў…

 

Выстава працуе з 3 жніўня па 1 верасня 2022 года

Аўторак-нядзеля, з 10:00 да 18:30

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

Тэл.: +375 (17) 363 07 61

Close Menu