Ўспомніць сэрца, што любіла,
Ўспомніць моладасць і сілу,
Ўсё, што знікла і ўплыла,
Ўсё успомніць, як у сне.…
Максім Багдановіч
Адам Ягоравіч Багдановіч (1862–1940) – вядомы этнограф, педагог, мемуарыст, бацька класіка беларускай літаратуры М.Багдановіча. За сваё доўгае жыццё А.Багдановіч стаў сведкам шматлікіх падзей, што адбываліся на тэрыторыі Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ – першай палове ХХ ст. Нарадзіўся ў сям’і былых прыгонных сялян, атрымаў адукацыю ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, некалькі разоў кардынальна мяняў род дзейнасці, жыў у розных вёсках і гарадах.
У аснову выставачнага праекта “Адам Багдановіч. Мае ўспаміны” пакладзены тры блокі мемуараў. Першая частка звязана з успамінамі Адама Ягоравіча, прысвечанымі Халопенічам, яго малой радзіме, бабулі Рузалі Казіміраўне Лісоўскай, бацькам і іх родным. Другі блок выставы прэзентуе мемуары Адама Багдановіча, прысвечаныя народавольчаскай дзейнасці. Гэтыя ўспаміны раскрываюць жыццё Мінска напрыканцы ХІХ стагоддзя, распавядаюць пра падзеі і асоб, калег А.Багдановіча па партыі і самых блізкіх сяброў, стасункі з якімі ён падтрымліваў да апошніх дзён жыцця. Яшчэ адна частка выставы прысвечана мемуарам А.Я.Багдановіча пра А.М.Горкага і Ф.І.Шаляпіна, гэтыя ўспаміны па розных прычынах доўгі час не публікаваліся.
У выставачным праекце “Адам Багдановіч. Мае ўспаміны” прэзентуюцца арыгінальныя каштоўныя экспанаты з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і копіі матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Архіва А.М.Горкага, Дзяржаўнага архіва Пермскага края, прыватнага архіва Марыі Стараверавай.
Выстава працуе з 23 студзеня да 23 красавіка 2023 года.
Аўторак-нядзеля, з 10:00 да 18:30.
Кошт: навучэнцы – 1 руб., іншыя катэгорыі – 2 руб., экскурсія – 6 руб.
Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а,
Тэл.: +375 (17) 355 22 95.