Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

“Максім Гарэцкі. Дыямант у пабітым шкле. Споведзь разняволенай душы”, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Гарэцкага

“Гарэцкі адкрыў свайго суайчынніка
і духоўны скарб, што ў беларусе ёсць,
з новай, не пачэпанай нікім роўніцы,
скарб такі, з чым не  толькі не сорамна,
а, наадварот, належыць выходзіць на
вочы ўсялюдскія”

Максім Лужанін

 

6 снежня 2018 г. у рамках святкавання 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя аўдыядыска “Максім Гарэцкі. Дыямант у пабітым шкле. Споведзь разняволенай душы”. Аўтары – культуролаг, журналіст Кастусь Антановіч і акцёр, рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі – прадставілі творчую групу, якая працавала над праектам: Людмілу Свацікаву і Ігара Пісыгіна (гукарэжысёры), Сяргея Чайку (інжынер майстэрынгу), Вольгу Гваздову і Вячаслава Паўлаўца (дызайн і мастацкае афармленне).

Стваральнікі аўдыякампазіцыі не ўпершыню звяртаюцца да творчасці Максіма Гарэцкага. У 2008 г. яны запісалі дыск “На імперыялістычнай вайне. Запіскі салдата 2-ой батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы”, прэзентацыя якога таксама адбылася ў нашым музеі.

Таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці – Максім Іванавіч Гарэцкі пакінуў яскравы след у гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства, унёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Прысутныя на вечары гарэцказнаўцы, даследчыкі, літаратары адзначалі, што ўсе гэтыя якасці відавочна падкрэслены мастацкім выкананнем яго твораў Алегам Вінярскім і ўсёй пабудовай аўдыёкампазіцыі. На дыску можна таксама пачуць песні Еўфрасінні Міхайлаўны Гарэцкай – маці пісьменніка – у выкананні гурта “Калыханка”. На вечары адна з гэтых песень “А не даў мне Бог долю” прагучала ў выкананні Таццяны Захарыч, мастацкага кіраўніка ансамбля аўтарскай песні “Элегія” (Вілейка).

Прысутных вельмі кранула выступленне Валянціны Цітовіч, якая выканала ўрывак са сваёй аўтарскай пастаноўкі “Лісты з фронту”, прысвечанай 100-годдзю заканчэння І Сусветнай вайны пад акампанемент Уладзіміра Лапціка (гітара).

На вечары выступілі паэт Анатоль Вярцінскі з вершамі – прысвячэннямі Максіму Гарэцкаму; паэт, публіцыст, аўтар і вядучы тэлепраекта “Суразмоўцы” на канале “Беларусь-3” Навум Гальпяровіч; літаратар, грамадскі дзеяч Анатоль Бутэвіч. Пранікнёным было выступленне гарэцказнаўцы, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага Тэрэзы Голуб.

На вечары прысутнічаў пляменнік Максіма Гарэцкага, акадэмік, старшыня Фонду братоў Гарэцкіх, прафесар Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі. Ён падзякаваў музею за шматгадовае супрацоўніцтва ў арганізацыі юбілейных мерапрыемстваў і правядзенні Гарэцкіх чытанняў.

Скульптар Эдуард Астаф’еў – аўтар мемарыяльнай дошкі на Літаратурным музеі Максіма Гарэцкага ў в. Малая Багацькаўка, перадаў у фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры барэльеф – партрэт маладога Максіма Гарэцкага. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Настасся Кальцова з удзячнасцю прыняла гэты дар. Выставу “Максім Гарэцкі: Ахвярую сваім “Я”, створаную па матэрыялах фондаў нашага музея і Беларускага Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва прадставіла аўтар – вядучы навуковы супрацоўнік Паліна Саўген.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры дзякуе ўсім стваральнікам аўдыядыска “Дыямант у пабітым шкле. Споведзь разняволенай душы” і ўдзельнікам памятнага вечара. Спадзяёмся, што ў хуткім часе пабачым новыя аўдыякампазіцыі ад Алега Вінярскага і абавязкова прэзентуем іх у нашым музеі.

Close Menu