Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на першыя Кісялёўскія навуковыя чытанні

18 сакавіка 2021 года а 12-й гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі (Мінск, вул. К.Маркса, 30, кв. 4) адбудуцца першыя Кісялёўскія навуковыя чытанні “Таямніцы ХІХ стагоддзя”, прысвечаныя 90-годдзю Генадзя Васільевіча Кісялёва, беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, пісьменніка і археографа.

Г.Кісялёў – знакавая постаць айчыннага літаратуразнаўства. Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных нарысаў «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Героі і музы» (1982), даследаванняў «Загадка беларускай “Энеіды”» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (1988), літаратуразнаўчай дылогіі «Разыскивается классик…» (1989), гістарычных нарысаў «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 года на Міншчыне» (1990). Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных матэрыялаў «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982), «Шляхам гадоў» (1990). Адзін са складальнікаў зборнікаў дакументаў «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861–1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863–1864» (1965).

Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі XIX стагоддзя, жыццё і дзейнасць К.Каліноўскага, В.Дунін-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыга-Дарэўскага, П.Шпілеўскага, Я.Коласа і Я.Купалы. Атрыбутаваў аўтарства «Энэіды навыварат» і «Тараса на Парнасе». Таксама працаваў над скарыназнаўчымі тэмамі, дзе сам сябе лічыў за «неафіта», хаця насамрэч і тут зрабіў значны ўклад.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гістарычна-літаратурных даследаванняў «Разыскивается классик…» і «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча».

На Кісялёўскіх навуковых чытаннях, якія будуць праводзіцца ўпершыню, плануецца разгледзець ролю даследчыка ў айчынным літаратуразнаўстве і гістарычнай навуцы, яго ўплыў на сучасны навуковы працэс, развіццё жанра “займальнага літаратуразнаўства”, а таксама азнаёміцца з сучаснымі знаходкамі і адкрыццямі гісторыкаў літаратуры, якія следам за Г.Кісялёвым займаюцца разгадкай беларускіх таямніц ХІХ стагоддзя.

На навуковых чытаннях выступяць: Г.Кісліцына, д.ф.н., заг. аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Л.Кісялёва, к.ф.н., ст.навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, І.Бурдзялёва, к.ф.н., дацэнт МДЛУ, І.Багдановіч, к.ф.н., дактарант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, І.Запрудскі, дактарант кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ, М.Варабей, м.н.с. аддзела гісторыі беларускай літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, З.Дрозд, аспірант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаны вядучыя літаратуразнаўцы і культуролагі, якія займаюцца беларускай гісторыяй ХІХ ст.

У праграме канферэнцыі прадугледжаны пасяджэнне і адкрыццё фотавыставы, прысвечанай жыццю і дзейнасці Г. Кісялёва.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).

Кантактная асоба: Ганна Мікалаеўна Кісліцына, д.ф.н., заг. аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; +374 29 680 67 12 (hanna.kislitsyna@gmail.com).

Close Menu