
18 сакавіка 2021 года а 12-й гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі (Мінск, вул. К.Маркса, 30, кв. 4) адбудуцца першыя Кісялёўскія навуковыя чытанні “Таямніцы ХІХ стагоддзя”, прысвечаныя 90-годдзю Генадзя Васільевіча Кісялёва, беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, пісьменніка і археографа.
Г.Кісялёў – знакавая постаць айчыннага літаратуразнаўства. Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных нарысаў «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Героі і музы» (1982), даследаванняў «Загадка беларускай “Энеіды”» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (1988), літаратуразнаўчай дылогіі «Разыскивается классик…» (1989), гістарычных нарысаў «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 года на Міншчыне» (1990). Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных матэрыялаў «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982), «Шляхам гадоў» (1990). Адзін са складальнікаў зборнікаў дакументаў «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861–1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863–1864» (1965).
Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі XIX стагоддзя, жыццё і дзейнасць К.Каліноўскага, В.Дунін-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыга-Дарэўскага, П.Шпілеўскага, Я.Коласа і Я.Купалы. Атрыбутаваў аўтарства «Энэіды навыварат» і «Тараса на Парнасе». Таксама працаваў над скарыназнаўчымі тэмамі, дзе сам сябе лічыў за «неафіта», хаця насамрэч і тут зрабіў значны ўклад.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гістарычна-літаратурных даследаванняў «Разыскивается классик…» і «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча».
На Кісялёўскіх навуковых чытаннях, якія будуць праводзіцца ўпершыню, плануецца разгледзець ролю даследчыка ў айчынным літаратуразнаўстве і гістарычнай навуцы, яго ўплыў на сучасны навуковы працэс, развіццё жанра “займальнага літаратуразнаўства”, а таксама азнаёміцца з сучаснымі знаходкамі і адкрыццямі гісторыкаў літаратуры, якія следам за Г.Кісялёвым займаюцца разгадкай беларускіх таямніц ХІХ стагоддзя.
На навуковых чытаннях выступяць: Г.Кісліцына, д.ф.н., заг. аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Л.Кісялёва, к.ф.н., ст.навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, І.Бурдзялёва, к.ф.н., дацэнт МДЛУ, І.Багдановіч, к.ф.н., дактарант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, І.Запрудскі, дактарант кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ, М.Варабей, м.н.с. аддзела гісторыі беларускай літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, З.Дрозд, аспірант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаны вядучыя літаратуразнаўцы і культуролагі, якія займаюцца беларускай гісторыяй ХІХ ст.
У праграме канферэнцыі прадугледжаны пасяджэнне і адкрыццё фотавыставы, прысвечанай жыццю і дзейнасці Г. Кісялёва.
Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).
Кантактная асоба: Ганна Мікалаеўна Кісліцына, д.ф.н., заг. аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; +374 29 680 67 12 (hanna.kislitsyna@gmail.com).