Напрыканцы 2020 года пабачыла свет выданне “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 3”. Працягваючы распачатую папярэднікамі працу (у 1996 і ў 1997 годзе пабачылі свет выданні “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 1” і “Архіўныя матэрыялы… Сшытак 2”), супрацоўнікі музея вырашылі пазнаёміць усіх зацікаўленых з эпісталярнай спадчынай сваякоў паэта, якая амаль недасяжная для шырокіх колаў аматараў беларускай літаратуры.
Як вядома з захаваных успамінаў, не толькі бацькі, але і іншыя родныя прымалі непасрэдны ўдзел у лёсе паэта, былі сведкамі станаўлення Максіма Багдановіча як чалавека і творцы. 87 лістоў родзічаў паэта з фондаў ЛММБ, а таксама “Тэстамент” Адама Багдановіча (арыгінал якога захоўваецца ў БДАМЛМ) дапамогуць даследчыкам больш поўна зразумець, у якой атмасферы гадаваўся Максім Багдановіч, якімі інтарэсамі жылі яго блізкія.
Вельмі спадзяемся, што выданне, падрыхтаванае супрацоўнікамі музея, адкрые для Вас нешта новае, а магчыма, нават падштурхне да новых пошукаў і знаходак, бо спазнанне нашых геніяў – гэта і спазнанне сябе таксама. Хто мы такія…
Выданне ў электронным фармаце можна знайсці па спасылцы: http://bellitmuseum.by/wp-content/uploads/2021/01/muzejny-sshytak.pdf
