
“Ад усіх цяпер патомкі ёсць…”, – пісаў Максім Багдановіч у творы “Страцім-лебедзь”. Ёсць яны і ў класіка беларускай літаратуры. Гэта ўдзячныя чытачы і чытальнікі яго твораў, сярод якіх і ўдзельнікі Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”.
Студэнцкі тэатр з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка – даўні сябар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і заўсёдныя ўдзельнікі музейных мерапрыемстваў.
Дзень роднай мовы – асаблівае свята для “жываслоўцаў”, якія працуюць выключна па-беларуску і жывуць словам, бо нават паводле Святога Пісання напачатку ўсяго было Слова. Таму тэатр падрыхтаваў адмысловую канцэртную праграму, якой хацеў бы падзяліцца ў першую чаргу з наведвальнікамі музея.
Праграма “Ад Слова жывога пачатак…” аб’ядноўвае творы розных беларускіх пісьменнікаў, якія прагучаць у выглядзе маналогаў, песень, харавога чытання, тэатральных мініяцюр. Гэта творы Францішка Багушэвіча, Івана Мележа, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча… І, вядома, асобныя літаратурна-музычныя кампазіцыі можна будзе пачуць у канцэртнай праграме па творах Максіма Багдановіча, бо “ад Максіма Кніжніка пачатак” бяруць і сённяшнія студэнты. Яны гатовы распавесці ў канцэртных нумарах і пра выпадкі ў студэнцкім жыцці, і пагуляць у дарослых, але зрабіць гэта менавіта на роднай мове. На ёй прагучаць і словы традыцыйныя перад любым канцэртам тэатра: “Мы пачынаем!”
19 лютага, 19.00.
Уваходны квіток: 5 руб.; 2,5 руб. – школьнікі, студэнты.
Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (г.Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а – Траецкае прадмесце).
Колькасць месцаў абмежаваная. Удзел па папярэднім запісе праз гугл-форму: https://docs.google.com/forms/d/1mp0BBtSOlewAd35HYdoxx5YKrmzaVGmO5rHLb_9Bz6s/edit
альбо па тэлефоне: (8 017) 355-22-95.