1 красавіка 2021 года Літаратурны музей Максіма Багдановіча адзначыў свой Дзень нараджэння!
Супрацоўнікі музея вырашылі не чакаць падарункаў, а ствараць іх сваімі рукамі. Як вынік – цудоўная мастацка-дакументальная выстава “40 / 40”. У яе назве адлюстравана асноўная ідэя – прэзентаваць сорак каштоўных экспанатаў з фондаў музея, па аднаму за кожны год яго дзейнасці.
На прэзентацыю выставы “40 / 40” і святкаванне юбілею музея завіталі нашы калегі з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: дырэктар Сяргей Усік, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Настасся Кальцова, член прафсаюзнага камітэта музея Алеся Кузняцова.
Таксама да віншаванняў далучыліся нашы калегі: дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Храмы, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалай Чырскі.
Асабліва прыемна было атрымаць каштоўныя падарункі ў фонды музея і пачуць цёплыя словы віншаванняў ад нашых былых калег – першага дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхася Пазнякова і галоўнага захавальніка фондаў Тамары Кароткай.
У зборы музейных экспанатаў актыўны ўдзел прымалі сваякі Максіма Багдановіча з Ніжняга Ноўгарада, Яраслаўля і Мінска. Вельмі прыемна было прымаць віншаванні ад унучатай пляменніцы Максіма Багдановіча – Вольгі Дашкоўскай. Рушнік як сямейная рэліквія заняў пачэснае месца ў экспазіцыі выставы “40 / 40”.
На выставе прадстаўлены экспанаты з шырокай геаграфіяй – Расія, Украіна, Польшча, ЗША, Вялікабрытанія. Шчырае сяброўства звязвае музеі Максіма Багдановіча з Мінску і Яраслаўля. Прыемна было атрымаць віншавальны адрас ад калег з Дома-музея М.Багдановіча і музея гісторыі горада Яраслаўля.
Упрыгожылі наша музейнае свята старажытныя беларускія вясновыя песні ў выкананні Марыі Аднадворцавай і Ганны Разінай.
Мы яшчэ раз віншуем са святам, з Днём нараджэння музея, усіх нас – сённяшніх і былых супрацоўнікаў, калег, сяброў, наведвальнікаў!
Музей – гэты мы! І як казаў наш любімы паэт Максім Багдановіча, “усе мы разам ляцім да зор”!











